Міністэрства разьвіцьця эканомікі, гандлю і сельскай гаспадаркі Ўкраіны раскрытыкавала дзеяньні кіеўскай гарадзкой улады аб набыцьці беларускіх аўтобусаў бяз тэндэру і плянуе распрацаваць мэханізм, які перадухіліць такія выпадкі надалей.
«Такі падыход дыскрымінацыйны, супярэчыць нацыянальным інтарэсам і прынцыпам свабоднай і празрыстай канкурэнцыі. Ва ўмовах пандэміі і эканамічнай нестабільнасьці, калі ўвесь сьвет трымаецца прынцыпаў здаровага пратэкцыянізму, такія сытуацыі непрымальныя. Міністэрства будзе надалей адстойваць падтрымку нацыянальных вытворцаў і сумленную канкурэнцыю, у прыватнасьці, у сфэры закупаў гарадзкога транспарту», — заявілі ў Міністэрстве эканомікі Ўкраіны.
Але ведамства ня можа скасаваць дамоўленасьці Кіева аб куплі на ўмовах лізінгу 200 аўтобусаў беларускай вытворчасьці, бо мясцовыя ўлады, згодна з заканадаўствам, могуць самастойна ўхваляць рашэньні аб закупах.
Фінансавыя паслугі (у гэтым выпадку лізінгу), па якія кіеўскія ўлады зьвярнуліся да ўкраінскага банку, не абавязкова праводзіць праз конкурс. «Міністэрства эканомікі ўжо працуе над заканадаўчым урэгуляваньнем немагчымасьці паўтарэньня такой сытуацыі. Профільныя асацыяцыі і ўдзельнікі рынку будуць далучаныя да распрацоўкі магчымых мэханізмаў», — падкрэсьлілі ў ведамстве.
Першыя 50 беларускіх аўтобусаў перадалі Кіеву 20 кастрычніка. У гэты ж дзень беларускі амбасадар Ігар Сокал сустрэўся з мэрам Кіева Віталём Клічком, яны абмеркавалі «пытаньні далейшага разьвіцьця двухбаковага супрацоўніцтва».
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Перадвыбарчы скандал у Кіеве: гарадзкая ўлада набывае беларускія аўтобусы бяз тэндэру і зь пераплатайУ жніўні афіцыйны Кіеў заявіў аб замарожваньні афіцыйных кантактаў зь Беларусьсю пасьля недэмакратычнага правядзеньня выбараў і гвалту над мірнымі пратэстоўцамі, якія выйшлі на вуліцы беларускіх гарадоў супраць фальсыфікацыяў.
У адказ улады Беларусі заявілі, што ў такіх умовах будзе канцэнтравацца на кантактах з рэгіянальнымі ўладамі.
25 кастрычніка ва Ўкраіне адбудуцца выбары, грамадзяне будуць выбіраць мэраў усіх паселішчаў і мясцовыя органы самакіраваньня. Як мяркуюць экспэрты, набывала беларускія аўтобусы мэрыя Кіева ў рамках перадвыбарчай кампаніі.
Кіеўскія ўлады змаглі абысьці заканадаўства аб неабходнасьці тэндэру на куплю аўтобусаў, зьвярнуўшыся наўпрост у банк па атрыманьне лізінгавых умоваў. У выніку беларускае прадпрыемства атрымлівае поўную цану прадукцыі, а кіеўскія ўлады будуць да 2023 году сплачваць лізінгавы крэдыт ва ўкраінскім банку.
Улады Беларусі выкарыстоўваюць лізінгавыя ўмовы продажу айчыннай прадукцыі на экспарт з 2009 году. Іхныя ўмовы вызначаны ўказам прэзыдэнта Беларусі ад 24 верасьня 2009 году. У праграме ўдзельнічаюць 6 украінскіх банкаў. Украінскія пакупнікі беларускай прадукцыі атрымліваюць зь дзяржаўнага бюджэту Беларусі кампэнсацыю часткі адсоткавай стаўкі крэдыту.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Украіна далучыцца да новых эўрапейскіх санкцый супраць уладаў Беларусі