13 тысяч беларусаў зьехалі за мяжу пасьля выбараў. Ці гэта шмат?

У Нацыянальным аэрапорце Менск

За 2 месяцы пасьля выбараў у Польшчу зьехала ў пяць разоў болей чалавек, чым за ўвесь мінулы год.

Паводле дэпартамэнту грамадзянства і міграцыі МУС, з дня выбараў 9 жніўня зь Беларусі зьехалі 13,5 тысячы чалавек. У Польшчу – каля 10 тысяч, ва Ўкраіну – 3 тысячы, у Літву і Латвію ня больш за 500 чалавек. Такія зьвесткі агучыў кіраўнік дэпартамэнту Аляксей Бягун. Глядзім, ці гэта шмат.

За ўвесь 2019 год зь Беларусі зьехалі 20 976 чалавек – у краіны СНД і іншыя краіны разам. Найбольш у межах СНД зьяжджалі ў Расею – 8 тысяч чалавек. Гэта зьвязана з тым, што многія беларусы там працуюць.

У краіны па-за СНД летась выехалі толькі 8 035 чалавек. Сярод названых у дэпартамэнце грамадзянства і міграцыі краін у СНД пакуль лічыцца і Ўкраіна (умоўна, бо выйшла з шэрагу пагадненьняў, у тым ліку памежнага). Гэта значыць, што за 2 месяцы пасьля выбараў у краіны па-за СНД выехала больш, чым за ўвесь мінулы год.

Паводле Белстату, летась ва Ўкраіну выехала ўдвая менш, чым за 2 месяцы пасьля выбараў сёлета. Параўнайма, колькі выяжджала ў краіны па-за СНД зь Беларусі ў розныя гады.

  • 2020 – 10 500 (за 2 месяцы пасьля выбараў без уліку Украіны, разам з Украінай – 13 000)
  • 2019 – 8035
  • 2018 – 5410
  • 2017 – 5529
  • 2016 – 4101
  • 2015 – 3176
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Пасьля выбараў прэзыдэнта зь Беларусі зьехалі больш за 13 тысяч чалавек