«Я не пакінуты». Мітрапаліт Кандрусевіч спадзяецца на дапамогу Ватыкану ў справе свайго вяртаньня ў Беларусь

Тадэвуш Кандрусевіч

Кіраўнік Беларускага каталіцкага касьцёла мітрапаліт Менска-Магілёўскі Тадэвуш Кандрусевіч спадзяецца на дапамогу Сьвятога Пасаду ў вырашэньні праблемы свайго вяртаньня ў Беларусь.

Пра гэта ён заявіў навінаваму парталу Ватыкану па выніках свайго візыту ў апостальскую сталіцу. Візыт супаў з 31-й гадавінай біскупскага пасьвячэньня, якое 20 кастрычніка 1989 году надаў мітрапаліту папа Ян Павал II.

Тадэвуш Кандрусевіч наведаў Ватыкан на запрашэньне Дзяржаўнага сакратарыяту Сьвятога Пасаду, каб сустрэцца зь дзяржсакратаром кардыналам П’етра Паралінам і сакратаром па адносінах Сьвятога пасаду зь дзяржавамі Полам Рычардам Галахерам.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Мітрапаліт мог зрабіць выгляд, што нічога ня бачыць. Але як тады жыць?» — біскуп Касабуцкі. ВІДЭА

«Мы доўга гаварылі пра складанасьць сытуацыі ў Беларусі і ў мясцовым касьцёле, — адзначыў мітрапаліт. — Таксама сустрэча была прысьвечаная пошуку шляхоў вырашэньня складанай сытуацыі, у якой знаходжуся асабіста я. Сьвяты Пасад сапраўды прыкладае шмат намаганьняў, каб праблема была хутчэй вырашаная. Спадзяюся, што наступныя крокі дапамогуць у больш хуткім вырашэньні праблемы».

Тадэвуш Кандрусевіч падзякаваў папу рымскаму Францішку, што ў верасьні пантыфік накіраваў на перамовы зь беларускімі ўладамі сваю дэлегацыю.

Нягледзячы на тое што ён ня можа вярнуцца на радзіму ўжо амаль два месяцы, мітрапаліт «не адчувае сябе пакінутым» і ўдзячны ўсім за «фізычную і малітоўную дапамогу».

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: МУС заявіла, што анулявала беларускі пашпарт Кандрусевіча, бо правярае, ці мае ён іншае грамадзянства

Неўзабаве пасьля прэзыдэнцкіх выбараў у Беларусі арцыбіскуп Кандрусевіч выступіў са зваротам, у якім заклікаў сілавікоў і пратэстоўцаў спыніць гвалт. 15 жніўня ён зьвярнуўся да Аляксандра Лукашэнкі з просьбай пачаць канструктыўны дыялёг з грамадзтвам і неадкладна вызваліць усіх, каго затрымалі на мірных акцыях.

31 жніўня яму адмовілі ва ўезьдзе ў краіну. Дзяржаўны памежны камітэт заявіў, што пашпарт Тадэвуша Кандрусевіча прызнаны несапраўдным.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Мітрапаліт Кандрусевіч зьвярнуўся з-за мяжы: «Пралілася кроў, тысячы людзей зняволеныя, шмат пакалечаных»

Мітрапаліт нарадзіўся ў Беларусі, але на пэўны час выходзіў з грамадзянства, калі кіраваў каталіцкім касьцёлам у Расеі. У 2007 годзе ён вярнуўся на радзіму. Спачатку атрымаў від на жыхарства, а пазьней вярнуў сабе беларускае грамадзянства і іншага ня мае, заявіў Свабодзе прэсавы сакратар Беларускага каталіцкага касьцёла айцец Юры Санько.