Жыцьцё кідала магілёўскага актора і рэжысэра Вячаслава Сікору ў розныя бакі — ён скончыў Горацкую сельскагаспадарчую акадэмію, дзе ўзначальваў арганізацыю праўладнага саюзу моладзі, працаваў у Польшчы на разборцы машын, у тэатрах Масквы, Менску і Магілёва, на радыё, ствараў дакумэнтальныя стужкі, працаваў дырэктарам дому культуры Скідзельскага цукровага камбінату, пэдагогам дадатковай адукацыі ў Шчучыне, адкуль яго звольнілі напярэдадні выбараў.
У Шчучыне Вячаславу ўдалося, напэўна, найбольш яскрава рэалізаваць свой шматбаковы досьвед — там ён разам зь сябрам стварыў музэй СССР, тэатральную і кінастудыю. Са спэктаклямі ўдзельнічаў у розных фэстывалях і быў іх ляўрэатам.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Каб вучыцца на памылках». Навошта ў Шчучыне адкрылі музэй СССРФальсыфікацыі на выбарах, а потым гвалт і жорсткасьць беларускіх сілавікоў да мірных пратэстоўцаў абурылі Вячаслава Сікору, і ён выйшаў на вуліцу. Але потым вымушаны быў хавацца і ўрэшце рэшт пакінуць Беларусь.
«Міліцыя перадавала, каб я прыйшоў сам, бо будзе горш»
Вячаслаў Сікора ўключыўся ў працэс «дэананімізацыі» сілавікоў адразу пасьля першай інфармацыі аб гвалце і жорсткасьці да затрыманых 9-10 жніўня на мірнай акцыі.
«У мяне прайшоў ператрус. Забралі ўсю апаратуру — тэлефон, пляншэт, кампутар, мадэм, флэшкі, цьвёрды дыск... Гэта адбылося ў межах справы нібыта за абразу супрацоўніка МУС. Я камэнтаваў здарэньні, даваў спасылкі на міліцыянтаў, якія працуюць у сыстэме і білі людзей, зрабіў рэпост пра сілавікоў, а ўжо маім рэпостам падзялілася шмат людзей».
Стрым з пачатку ператрусу ў кватэры Вячаслава. Потым яму зь міліцэйскага кампутара ўдалося апублікаваць у сваім твітэры паведамленьне, што ён знаходзіцца на допыце
Паводле рэжысэра, адразу пасьля гэтых падзеяў ён вымушаны быў зьехаць з магілёўскай кватэры на лецішча, але і адтуль езьдзіў на акцыі пратэсту ў Магілёў і Менск, вёў зь іх стрымы.
«У той час дадому прыходзіў участковы зь іншымі міліцыянтамі, патрабавалі адчыніць дзьверы і пыталі, дзе я. Тады сын быў адзін дома, ён адмовіўся адчыняць дзверы, паведаміўшы ім, што непаўналетні. Яны прасілі назваць тэлефон, сын таксама адмовіў. Потым яны знайшлі тэлефон жонкі Галіны, але яна таксама не адказвала на званкі. А потым яны мяне вылічылі на лецішчы. У пэўны дзень па паводзінах сабакі я зразумеў, што нешта ня тое, і пабачыў машыну, якіх у нас у вёсцы няма. І зрабіў выснову, што прыехалі па мяне. Вырашыў уцякаць. Дык яны жонцы сказалі — «няхай ён сам лепш прыйдзе, бо будзе горш».
Менавіта тады на лецішчы міліцыянты паведамілі, што Вячаслаў Сікора праходзіць у шасьці адміністрацыйных справах. «Наколькі я зразумеў, чатыры зь іх за стрымы, а значыць, за кожную зь іх мог атрымаць па 15 дзён арышту і дзесьці 400 ці 800 рублёў штрафу. І яшчэ за абразу ўлады... Было адчуваньне, што калі траплю да іх у рукі, то застануся інвалідам», — прызнаўся Вячаслаў.
Інсцэнізаваў інфаркт, каб выратавацца
Найперш прыйшла думка ўцякаць ва Ўкраіну праз Расею, бо баяўся, што на беларускай мяжы яго ўжо ўключылі ў базу вышуку.
«Потым са Смаленску паехаў у Бранск, а адтуль — бліжэй да расейска-ўкраінскай мяжы. Па дарозе выклаў пару стрымаў — аповедаў расейцаў пра Ціханоўскую. А калі я пераходзіў мяжу, прадстаўнікі ФСБ мяне затрымалі і пачалі абвінавачваць у нелегальным перасячэньні мяжы. Забралі пашпарт, тэлефон... Вы, вядома, можаце не паверыць, але, каб уратавацца, бо мне пагражалі двума гадамі зьняволеньня за нелегальны пераход мяжы, я сыграў інфаркт. Я разумеў, што трэба граць так, як ніколі ў жыцьці не іграў на сцэне», — расказвае Вячаслаў.
Паводле яго, расейцы вымушаныя былі выклікаць «хуткую дапамогу».
«У мяне быў ціск пад 180, стэнакардыя, тэмпэратура 37,2... Лекары папярэдзілі, што са мной могуць быць праблемы. Тады яны павезьлі мяне ў горад Клінцы, а там лекары сказалі, што я зусім кепскі, а я ж уключыў дурня, казаў, што не разумею, дзе знаходжуся... І лекары параілі праваахоўнікам адправіць мяне далей, у Навазыбкаў, для спэцыялізаванай мэдычнай дапамогі. Там я сказаў, што са мной усё добра, стала лягчэй, і ўцёк з „хуткай“. І зноў вярнуўся ў Гомель».
Ужо ў Гомлі праз знаёмых Вячаслаў спрабаваў высьветліць свой «статус» і магчымасьць уцёкаў іншым маршрутам.
«Калі высьветліў, што яшчэ няма чырвонай карткі на мяжы, тэрмінова паехаў на мяжу ў Гомельскай вобласьці і перайшоў мяжу ва Ўкраіну», — згадвае Вячаслаў Сікора.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Прайшоў 70 км па лесе, начаваў пад елкай і на вакзале». Былы сьледчы пра цану сыходу з сыстэмы
«Мова — наша зброя»
Пасьля прыезду з такімі прыгодамі ў Кіеў Вячаслаў Сікора пачаў размаўляць па-беларуску. Кажа, што гэта адбылося пад уплывам украінскіх сяброў.
«Мае сябры размаўляюць па-ўкраінску. І мне стала так сорамна, што я размаўляю па-расейску... Яны мне таксама сказалі, што адна з нашых памылак — што мы размаўляем па-расейску. А мова — тое, чаго нельга забраць. Думак на беларускай мове нельга забраць», — кажа Вячаслаў.
Ён узгадаў, як у 2014 годзе ўжо прыяжджаў у Кіеў. Тады ён стварыў фільм «Майдан сваімі вачамі».
«Я працаваў у Маскве, калі пачаўся Майдан. І мне так стала цікава, што адбываецца ў Кіеве, бо я заўсёды цікавіўся гісторыяй і разумеў, што магу стаць сьведкам гістарычных падзеяў. З Масквы я прыехаў у Кіеў якраз у той дзень, калі застрэлілі Жызьнеўскага. Я хацеў сабраць матэрыял, а застаўся да тых часоў, пакуль не палягла Нябесная сотня. І за той час я знайшоў тут шмат сяброў, якія мне і дапамаглі, калі я ўцёк зь Беларусі — мяне адразу забралі, далі прытулак, вопратку і ежу, бо я ўцякаў без нічога».
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Майдан вачыма магілёўскага рэжысэраПазьней у Кіеве знайшоў кантакты Беларускага інфармацыйнага цэнтру, які яму дапамог знайсьці жытло.
У свой час, кажа Вячаслаў, менавіта ягонае стаўленьне да Майдану ва Ўкраіне стала прычынай страты сяброў. «На гэтай глебе я страціў шмат сяброў. Мяне запісалі і ў бандэраўцы, і ў фашысты. Я вырашыў, што ня выжыву ў Маскве, і вярнуўся тады ў Магілёў».
«Мушу працягваць барацьбу»
Вячаслаў пераконвае, што прыехаў у Кіеў не хавацца, а працягваць барацьбу. Літаральна празь некалькі дзён ужо далучыўся да акцыі пратэсту, якія ўжо традыцыйна штонядзелі беларусы ладзяць каля беларускай амбасады.
У плянах таксама і новая дакумэнтальная стужка — «Беларуская рэвалюцыя вачыма ўкраінцаў».
Адзін з фрагмэнтаў гутаркі Вячаслава Сікоры са сваім украінскім сябрам
«Вельмі цікава, што ўкраінцы думаюць пра нашу барацьбу. Яны адкрываюць вочы на шмат рэчаў. Можна, вядома, спрачацца, але вырашаць будзе глядач. Вось расейцы, напрыклад, пішуць, што патрэбныя больш радыкальныя пратэсты, кактэйлі Молатава і гэтак далей. А мае знаёмыя ўкраінцы маўчаць. Пытаюся: а чаму вы не камэнтуеце? А яны адказваюць: „А што нам камэнтаваць? Мы яшчэ Крым не вярнулі, Данбас, Луганск, Данецк... Мы самі яшчэ ваюем“. І шмат цікавага расказваюць пра Бабарыку, пра Маскву. Іх зьдзіўляе, што няма ў нас нацыянальнага лідэра. А тыя, якія ёсьць, на думку ўкраінцаў, — прарасейскія стаўленікі. Але тое, што людзі выйшлі на вуліцу, — ужо добры варыянт. Людзі зразумелі, што трэба змагацца, яднацца і працаваць над тым, каб прачнулася нацыянальная годнасьць».
Вячаслаў Сікора кажа, што яму цікавыя гісторыі і тых беларусаў, якія, як і ён сам, вымушаныя былі ўцякаць зь Беларусі ад перасьледу і рэпрэсіяў.
Знаходзячыся ва Ўкраіне, ён працягвае ў Беларусі свой праект патрыятычных гадзіньнікаў. Адзін зь іх на Маршы мудрасьці перадалі Ніне Багінскай. Цяпер Вячаслаў прыдумаў яшчэ адну гадзіньнікавую сэрыю — «Вязень 2020» і «Вязень Акрэсьціна» для ўсіх тых, хто прайшоў незаконнае затрыманьне і ізалятар.
У пошуках працы
У Магілёве ў Вячаслава засталіся сын і жонка Галіна, якая працуе ў Магілёўскім абласным тэатры. І ён пакуль ня ведае, як надоўга вымушаны будзе заставацца ва Ўкраіне. І сваёй легалізацыяй пакуль яшчэ не займаўся.
«Галіна мяне аднойчы спытала: а як мы? А я пакуль ня ведаю... Уладкуюся, і яна зможа прыехаць, працаваць акторкай. Была думка ехаць у Польшчу, але для мяне Кіеў троху бліжэйшы... І я як актор, рэжысэр не знайду працы ў Польшчы, нават кіроўцам цяжка было б. Мне тут зручней, шукаю тут працу, бо хачу працаваць адпаведна прафэсіі».
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Уцёк ад КДБ праз фортку, хаваўся ў царкве. Гісторыя вымушанай эміграцыі аднаго з арганізатараў страйку на «Беларуськаліі»