Ян Максімюк размаўляе зь Сяргеем Дубаўцом, якога ўганаравалі сёлетняй літаратурнай прэміяй імя Ежы Гедройця за кнігу «Тантамарэскі», выдадзеную ў сэрыі «Бібліятэка Свабоды ХХІ стагодзьдзя».
Кніга «Тантамарэскі» расказвае аб працэсе над беларускімі мытнікамі ў гэтак званай «кветкавай справе», якую разглядалі некалькі судоў у 2016–2017 гг. У цэнтры аповеду — мытнік і арганізатар культурнага жыцьця Астравеччыны Алесь Юркойць.
Сьцісла:
- Сцэнар «справы мытнікаў» быў напісаны загадзя, на судзе не падалі ніякіх доказаў злачынства.
- Алеся Юркойця, які не прызнаў сваёй віны і якому яе не даказалі, пасадзілі за яго беларускую дзейнасьць.
- У Беларусі правасудзьдзе дзейнічае «наадварот», як сыстэма дзяржаўнай улады, — абвінавачваючы сваіх апанэнтаў у тым, што ўчыняе яна сама.
- У беларускай сытуацыі літаратура выконвае «функцыю праўды».
— Твая кніга «Тантамарэскі» мае эпіграф з «Працэсу» Франца Кафкі: «Хтосьці, відаць, узьвёў паклёп на Ёзэфа К., бо, не зрабіўшы нічога дрэннага, ён трапіў пад арышт». Чытаючы твой аповед аб працэсе над Алесем Юркойцем, нельга пазбавіцца ад адчуваньня кафкіянскай атмасфэры ва ўсім тым, што адбывалася на гэтым працэсе і што адбываецца наагул у судовай сыстэме Беларусі.
Ці і ты меў такое адчуваньне кафкіянскага абсурду, калі прысутнічаў на паўсотні судовых пасяджэньняў у Партызанскім судзе Менску?
— Ну так, таму я і прыцягнуў цытату з Кафкі. Але, можа, гэта было нават нешта большае, чым літаратурны вобраз абсурду. Суд ішоў наежджанай, зададзенай каляінай, не зьвяртаючы ніякай увагі на якія-кольвечы нестыкоўкі або брак фактаў, доказаў віны. Разглядалі чатыры тысячы эпізодаў перадачы грошай на мытні. Мытня ўся абчапляная відэакамэрамі. Хоць бы адно фота, хоць бы адно відэа перадачы гэтых грошай было прыведзена — нічога такога не было. Чатыры тысячы эпізодаў перадачы грошай, і хоць бы адзін эпізод, дзе схапілі за руку… Ну вось такі абсурд. Сцэнар быў напісаны ўжо раней.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Гедройця — Юркойцю. З аўтографамЯ ішоў на першае паседжаньне з думкай паглядзець, што гэта такое, а ў выніку застаўся на ўсе пяцьдзясят паседжаньняў. Спачатку ў мяне была ілюзія, што я магу паказаць гэты абсурд, гэтую адсутнасьць фактаў і, магчыма, нават неяк паўплываць праз тое, што нехта гэта прачытае, нехта возьме пад увагу, нехта з самой сыстэмы захоча неяк зьмяніць сытуацыю. Бо, вельмі добра ведаючы канкрэтна Алеся Юркойця, я быў абсалютна перакананы, што ён невінаваты, бо ён ня з тых людзей, якія абсалютызуюць грошы і матэрыяльныя каштоўнасьці. Гэта абсалютна духоўны чалавек, які ня жыў матэрыяльным сьветам.
Паступова мая наіўная ілюзія, што я магу паўплываць, разьвейвалася, і я тады вырашыў проста ўсё гэта фіксаваць. Фіксаваць, разьбірацца на малекулярным узроўні ў тым, што ўсё, што я чую, — гэта няпраўда, гэта хлусьня, гэта падробка. Што я мог зрабіць? Я мог усё гэта сабраць і праз сваю кнігу давесьці невінаватасьць Алеся. А атрыманьне прэміі Гедройця стала публічным прызнаньнем таго, што Алесь Юркойць сядзіць не за тое, за што яго пасадзілі, а за сваю беларускую дзейнасьць.
— Запытаю цябе пра тэхнічны бок падрыхтоўкі матэрыялу для кнігі. Калі ты быў у залі паседжаньняў, ты рабіў нататкі на паперы ці меў дыктафон, на які запісваў? Ці меў ты доступ да пратаколаў паседжаньняў?
— Я ўсё запісваў на тэлефон. Запісваў ня толькі тое, што гучала, але і свае думкі ў хадзе гэтай справы. Да дакумэнтаў я, безумоўна, доступу ня меў, але яны ўсе зачытваліся, і я ўсё чуў і мог канспэктаваць. І там, дарэчы, я сутыкнуўся з тым, што дае поўную характарыстыку гэтай судовай сыстэмы. Калі пратаколы пайшлі ў наступную інстанцыю, у Менскі гарадзкі суд, — я там таксама прысутнічаў, — які меўся разглядаць апэляцыю, то пратаколы перапісалі. Калі нехта з падсудных казаў «так», то ў пратаколах было запісана «не». Усё было перапісана проста наадварот. Ясна, што гэта злачынства, але яно настолькі нахабнае, настолькі беспардоннае, што ўвогуле цяжка знайсьці словы, якімі гэта можна ацаніць. Ня проста злачынства — гэта подласьць.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Юркойцеў палон. Пра што кніга, якая атрымала прэмію імя Гедройця— У Беларусі пры Лукашэнку зьявіўся новы літаратурны жанр — «турэмная літаратура». Ці мог бы ты падзяліцца сваімі назіраньнямі над той часткай судовай сыстэмы, якую бачыў на працэсе Алеся Юркойця? Канкрэтна я пытаю пра людзей. Якімі табе падаліся беларускія судзьдзі, пракуроры, адвакаты?
— У Беларусі ня тое што няма сыстэмы правасудзьдзя — яна, гэтая сыстэма, дзейнічае роўна наадварот. Так, як дзейнічае ўся сыстэма ўлады, бо сыстэма ўлады абвінавачвае сваіх апанэнтаў у тым, што ўчыняе яна сама. І пракуроры, і судзьдзі — гэта адзін велізарны атрад, які абсалютна нічым не адрозьніваецца ад АМАПу. АМАП б’е дубінамі пэнсіянэраў і мірных людзей, якія выходзяць з пратэстамі, пры гэтым закідаючы вось гэтае пабіцьцё самім тым людзям. Так і судовая сыстэма.
На працэсе Юркойця ў клетцы сядзелі пяцёра мытнікаў, якія не прызналі сваёй віны. Чаму чалавек сядзіць у клетцы і ў турме, калі ён не прызнаў сваёй віны? Давайце дакажам, што ён вінаваты ў перадачы нейкіх грошай, і тады пасадзім яго ў клетку ці ў турму. Але ніхто гэтага не даказвае.
Тое самае адбываецца з затрыманьнем пратэстоўцаў. Для мяне гэта вялікая загадка. Чаму чалавека, калі яго затрымалі і пасадзілі ў аўтазак, у РАУС ці на Акрэсьціна, пачынаюць біць? Ці зь яго хочуць выбіць нейкія паказаньні, так, як немцы ў вайну? Зь яго ня хочуць выбіць ніякіх паказаньняў, яго проста б’юць. Для чаго? Якая лёгіка? Так і ў гэтым судовым працэсе. Сядзяць за кратамі людзі, якія не прызналі сваёй віны. Дакажыце, што яны вінаватыя!
Асобна трэба сказаць пра адвакатаў гэтых людзей, якія сядзяць у клетцы. Бо адвакаты ў нас вельмі жорстка падзеленыя. Ёсьць адвакаты тых, што нагаварылі на сябе і на іншых, і ёсьць адвакаты, што бароняць людзей, якія не прызналі сваёй віны. Гэта былі бліскучыя адвакаты, яны разьбілі гэты працэс і ўсю гэтую сыстэму і паказалі, што ніякіх доказаў віны няма. Але іх ніхто ня слухае. (…)
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Прэмію Гедройця-2020 прысудзілі Сяргею Дубаўцу— Ты сказаў, што быў знаёмы з Алесем Юркойцем да суду. Якім чалавекам ён табе падаўся?
— Я быў зь ім знаёмы даўно. Мы зь ім сябры, я вельмі часта бываў у яго дома. Мы разам хадзілі ў водныя вандроўкі па рэках. Зразумела, што ў такіх вандроўках чалавека пазнаеш вельмі добра.
Ён абсалютна нармальны, прыстойны, адэкватны чалавек. Вельмі вялікі патрыёт Беларусі, хоць у нас гэтае слова цяпер дыскрэдытаванае. Ён асьветнік, ён шмат працаваў зь дзецьмі. У яго дзьве вышэйшыя адукацыі. Ён выдатны фотамастак. Арганізатар пленэраў, прэзэнтацыяў, імпрэзаў на Астравеччыне. Фактычна ўсё нефармальнае, то бок жывое, культурніцкае жыцьцё на Астравеччыне — гэта ён. У гэтым сэнсе ён — маштабная фігура для ўсёй Беларусі.
Задуманы і арганізаваны ім Касінерскі фэст 2013 году якраз і стаў той апошняй кропляй, калі ў КДБ ня вытрымалі нэрвы. Тады ён быў арыштаваны і ўвапхнуты ў гэты масавы мытны працэс, які якраз рыхтаваўся.
— Яго асудзілі на сем гадоў. Колькі яму засталося сядзець?
— Наколькі я ведаю, яму скасавалі па амністыі адзін год. І калі будзе так, як ёсьць, то ў наступным сакавіку ён павінен выйсьці.
— Калі мы нядаўна гаварылі з табою пра магчымы кірунак разьвіцьця беларускай літаратуры пасьля 9 жніўня, ты сказаў, што беларуская літаратура «сядзіць на Акрэсьціна». То бок турэмная тэматыка, тэма зьняволенага сыстэмай чалавека выразна пачынае дамінаваць у беларускім пісьменстве. Лішні таму доказ — прэмія Гедройця для тваіх «Тантамарэсак». Ты цяпер працуеш над наступнай кнігай з турэмнай праблематыкай, зьбіраючы сьведчаньні людзей, якія трапілі ў вязьніцы пасьля прэзыдэнцкіх выбараў 2020 году. Скажы пару словаў пра гэтую працу, калі ласка.
— Літаратура апынулася ў цэнтры грамадзкага жыцьця як своеасаблівы адвакат. Само жыцьцё ўзваліла на літаратуру гэтую адвакацкую ролю. Бо мы жывем у дзяржаўнай сыстэме абсалютнай хлусьні. І цяпер заведзена некалькі соцень крымінальных справаў за тое, што чалавек проста выйшаў на вуліцу. Ясна, што гэтыя справы фабрыкуюць ад адваротнага. Гэта ўсё штампуюць. Як чалавеку абараніцца? Ніякага адваката суд слухаць ня будзе. Адвакатаў найчасьцей увогуле не запрашаюць, пазбаўляюць ліцэнзіі, — яны ня могуць абараніць чалавека.
Што пасьля ўсяго гэтага застанецца? Літаратура выконвае функцыю праўды. Павінна застацца праўда. Усё, што я мог зрабіць у справе Юркойця, — гэта напісаць кнігу, якую могуць прачытаць ягоныя дзеці. Ягоныя тры маленькія дачушкі будуць ведаць, што іх тата — не злачынец. І будуць чытаць, як усё гэта фабрыкавалася-ляпілася.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Сяргей Дубавец: Беларуская літаратура «сядзіць на Акрэсьціна»Тое самае з гэтымі ўсімі крымінальнымі справамі. Літаратура бярэ на сябе функцыю адваката і абаронцы, маючы на ўвазе дзяцей найперш. Бо празь пяць-дзесяць гадоў ніхто ня будзе разьбірацца ў гэтым усім. Гэтыя ўсе сфабрыкаваныя справы лягуць у архівы. А калі гэта тысячы адміністрацыйных справаў — то ўвогуле кашмар. І таму мы цяпер сьпяшаемся па сьлядах, па сьвежых сьведчаньнях, бо празь пяць-дзесяць гадоў усё згубіцца недзе ў інтэрнэтах і ніхто ня будзе нічога шукаць і даказваць. Ну, было дык было, ты лічыш, што цябе несправядліва затрымалі, а тут напісана, што справядліва…
Не, будзе дакладная фіксацыя як мага большай колькасьці справаў і доказаў. У першую чаргу менавіта для дзяцей, для наступных пакаленьняў, каб яны бачылі, што было насамрэч. У нашай сытуацыі пісаць праўду і даказваць гэтую праўду можа толькі літаратура.