Міністэрства гандлю ЗША вырашыла захаваць статус Беларусі як краіны зь нярынкавай эканомікай (Non-market economy, NME) у адпаведнасьці з антыдэмпінгавым законам ЗША, сказана ў паведамленьні на сайце міністэрства.
«Рашэнне Міністэрства гандлю вынікае з просьбы ўраду Беларусі перагледзець свой статус нярынкавай эканомікі. У выніку сёньняшняга рашэньня Міністэрства гандлю працягне разглядаць Беларусь як краіну зь нярынкавай эканомікай для мэтаў разьліку дэмпінгавых нацэнак у антыдэмпінгавых справах», — сказана ў паведамленьні амэрыканскага ведамства.
Урад Беларусі зьвяртаўся да ўладаў ЗША з просьбай зьняць статус краіны зь нярынкавай эканомікай у лютым 2020 году.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Міністэрства гандлю ЗША пачало працэдуру перагляду статусу беларускай эканомікіУ паведамленьні Мінгандлю ЗША ўдакладняецца, што беларускі ўрад зьвярнуўся з просьбай перагледзець статус краіны для спрашчэньня імпарту мэталапрадукцыі зь Беларусі.
У лютым Міністэрства эканомікі Беларусі паведаміла, што Міністэрства гандлю ЗША пачало працэдуру аналізу мэтазгоднасьці пераводу Беларусі ў катэгорыю краін з рынкавай эканомікай. З гэтай мэтай урад Беларусі ў кастрычніку 2019 году наняў у ЗША юрыстаў Crowell & Moring, якія павінны былі суправаджаць працэс пераводу Беларусі ў статус дзяржавы з рынкавай эканомікай. Меркавалася, што атрыманьне такога статусу спросьціць доступ беларускіх экспартэраў на рынак ЗША, а таксама стане дадатковай перавагай пры ўступленьні краіны ў Сусьветную гандлёвую арганізацыю.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Беларусь заплаціць амэрыканскай кампаніі, каб займець статус рынкавай эканомікіБеларускія ўлады ініцыявалі перагляд статусу краіны Міністэрствам гандлю ЗША на фоне паляпшэньня двухбаковых дачыненьняў пасьля амаль 10-гадовага пэрыяду пахаладаньня пасьля прэзыдэнцкіх выбараў 2010 году. Аднак пасьля выбараў у жніўні 2020 году, вынікі якіх Вашынгтон не прызнаў, дачыненьні зноў пагоршыліся. На пачатку кастрычніка ЗША ўвялі пэрсанальныя санкцыі ў дачыненьні да васьмі беларускіх чыноўнікаў, якіх лічаць адказнымі «за фальсыфікацыю выбараў і парушэньне правоў чалавека».