Супрацоўнікаў расейскай кампаніі «Аэрофлот» у ЗША абвінавацілі ў кантрабандзе крадзенага на $50 мільёнаў

Самалёты расейскай авіякампаніі «Аэрофлот»

Сьледчыя ў ЗША абвінаваціла супрацоўнікаў расейскай авіякампаніі «Аэрофлот» у тым, што тыя вывезьлі кантрабандай у Расею крадзеныя электронныя прылады на 50 мільёнаў даляраў.

Як паведамляе Business Insider, расьсьледаваньне супольна вядуць ФБР, мытная і памежная службы, а таксама паліцыя Нью-Ёрку. Паводле сьледчых, у міжнародную сетку кантрабанды былі залучаныя былыя і цяперашнія супрацоўнікі кампаніі «Аэрофлот». Падчас інспэкцыі іхнага багажу знайшлі электронныя прылады на мільёны даляраў, «многія зь якіх» крадзеныя, гаворыцца ў афіцыйным паведамленьні.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Авіякампанія easyJet паведаміла, што хакеры атрымалі доступ да інфармацыі пра 9 мільёнаў кліентаў

У панядзелак фэдэральныя службы ЗША арыштавалі 8 чалавек, якіх называюць кіраўнікамі сеткі кантрабанды. Яшчэ двое ў вышуку. Дзяржаўны дэпартамэнт ЗША скасаваў візы 113 супрацоўнікам кампаніі «Аэрофлот» у сувязі з гэтай схемай.

Сярод крадзеных прыладаў у Расею вывозілі iPhone, iPad і гадзіньнікі Apple Watch, піша Business Insider.