Дзяржаўныя тэлевізійныя каналы паведамілі пра фармаваньне «народных дружынаў» у дапамогу міліцыі.
Як паведамляе onliner.by, канал СТВ назваў гэта «своеасаблівай ініцыятывай зь месцаў, бо занадта ўжо дасталі маладзёны, якія перакрываюць дарогі і паляць пакрышкі».
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Начальнік менскай міліцыі — пра пацярпелых сілавікоў, «ультыматум Ціханоўскай» і народныя дружыныОnliner.by нагадвае, што фармальна статус «дружыньніка» вызначаны ў Законе аб удзеле грамадзянаў у ахове грамадзкага правапарадку.
У прыватнасьці, дружыньнік мае права:
- ажыцьцяўляць дзеяньні па спыненьні правапарушэньняў, затрыманьню і перадачы ў праваахоўныя органы асобаў, якія ўчынілі правапарушэньні;
- адбіраць у парушальніка небясьпечныя прадметы;
- ўваходзіць у клюбы, кінатэатры, на стадыёны, у іншыя грамадзкія месцы са згоды ўладальніка для перасьледу правапарушальнікаў або спыненьня правапарушэньняў;
- стаяць у ачапленьні пры спыненьні групавых парушэньняў правапарадку, на масавых мерапрыемствах;
- карыстацца бясплатна тэлефонамі і іншымі сродкамі сувязі, якія належаць юрыдычным асобам, для сувязі з праваахоўнымі органамі;
- выкарыстоўваць транспартныя сродкі юрыдычных асобаў і грамадзянаў для дастаўкі да мэдыкаў пацярпелых, якія маюць патрэбу ў тэрміновай дапамозе;
- ўжываць да правапарушальнікаў фізычную сілу ў выпадках і ў парадку, прадугледжаных законам.
Ужываньне сілы дружыньнікам закон прадугледжвае ў «мэтах спыненьня дзеяньняў асобаў, якiя ажыцьцяўляюць правапарушэньні, для іх затрыманьня і перадачы ў праваахоўныя органы, калі іншыя спосабы, не зьвязаныя з ужываньнем фізычнай сілы, не забясьпечваюць выкананьня ім функцый па ўдзелу ў ахове правапарадку».
Што тычыцца «небясьпечных прадметаў», дык у апошні час сілавікі пашырылі іх клясыфікацыю коштам бел-чырвона-белых сьцягоў і розных вырабаў з нацыянальнай сымболікай.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Сябра Савету Рэспублікі прапанаваў штрафаваць вытворцаў і карыстальнікаў нацыянальных сьцягоў