Тайлянд: шматтысячныя акцыі пратэсту ва ўмовах надзвычайнага становішча

Пратэсты ў Бангкоку

Дэманстранты патрабуюць адстаўкі прэм’ер-міністра Праюта і правядзення канстытуцыйнай рэформы

Тысячы жыхароў Бангкоку насуперак забароне на акцыі пратэсту выйшлі на антыўрадавыя дэманстрацыі ў нядзелю, патрабуючы «разьвітацца з дыктатурай» у Тайляндзе і «рэфармаваць манархію». Пра гэта паведамляе «Голас Амэрыкі».

Прэмʼер-міністар Прают Чан-Оча, адстаўкі якога патрабуюць дэманстранты, выказаў занепакоенасьць з нагоды пашырэньня пратэстаў. Урад хоча правесьці дыялёг з апазыцыяй, паведаміў яго прэсавы сакратар.

Паводле Reuters, паліцыя ня ўмешвалася, калі дэманстранты сабраліся ў раёне двух самых важных транспартных вузлоў Бангкоку: манумэнту Перамогі і Асок. Паводле падлікаў паліцыі, толькі каля манумэнту Перамогі сабраліся каля 10 тысяч чалавек.

Суботнія дэманстрацыі таксама мелі мірны характар, але днём раней паліцыя ўжыла для разгону дэманстрантаў вадамёты.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Далоў фэадалізм, жыве народ!» Шматтысячныя дэманстрацыі ў Тайляндзе

Акцыі пратэсту ў Бангкоку праходзяць нягледзячы на спробы ўраду перашкодзіць ім з дапамогай цэлага шэрагу захадаў, уключаючы спыненьне працы грамадзкага транспарту ў Бангкоку.

Нядзельныя пратэсты, якія прайшлі прынамсі ў 19 правінцыях краіны, адбыліся нягледзячы на абвешчанае Праютам у чацьвер надзвычайнае становішча, у рамках якога былі забароненыя любыя палітычныя сходы з удзелам пяці і болей чалавек. У адпаведнасьці зь ім усе пратэстоўцы могуць быць арыштаваныя.

За апошні тыдзень паліцыя арыштавала больш за 50 чалавек, у тым ліку некалькіх лідэраў пратэсту. Многія дэманстранты заявілі, што ўжываньне вадамётаў паліцыяй заахвоціла іх прыйсьці на акцыю пратэсту ў суботу.

Каралеўскі палац ніяк не камэнтаваў пратэсты, але кароль Маха Вачыралонгкорн заявіў, што Тайлянду патрэбныя людзі, якія любяць манархію і краіну.

Дэмакратычныя актывісты пачалі выходзіць на дэманстрацыі з патрабаваньнем адстаўкі Праюта тры месяцы таму.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: У Тайляндзе прайшоў «Забег супраць дыктатуры»

Прают, былы генэрал арміі, захапіў уладу ў выніку перавароту, адхіліўшы абраны цывільны ўрад. Летась ён перамог на выбарах і захаваў свой пост, але дэманстранты сьцьвярджаюць, што вынікі былі падтасаваныя на яго карысьць дзякуючы канстытуцыйным законам, складзеным вайскоўцамі.

Акрамя патрабаваньня канстытуцыйнай рэформы, дэманстранты заклікаюць да зьніжэньня ўплыву манархіі. Інстытут манархіі мае богападобны статус сярод тайляндскай эліты і знаходзіцца пад абаронай законаў аб пакараньні за абразу каралеўскай годнасьці, якія прадугледжваюць турэмнае зьняволеньне для прызнаных вінаватымі ў абразе манархіі.