Навошта пратэстоўцаў запалохваюць агнястрэльнай зброяй?

Менск, кастрычнік 2020

Апроч тэмы зброі, праз усе афіцыйныя прапагандысцкія каналы праходзіць тэма «арганізатараў беспарадкаў». А таксама «магчымых правакацыяў» і «баявых групаў». І вось па гэтых арганізатарах міліцыянты, маўляў, могуць адкрыць агонь. Беларусы дыскутуюць, наколькі рэальныя падобныя застрашваньні, бо відавочна, што ніякіх арганізатараў няма, а правакацыі ўжо здараліся, але наконт іхнага аўтарства ёсьць вялікія сумневы. Чаго варты адзін толькі інцыдэнт з кактэйлямі Молатава ў дворыку РУУС. Дык чаго ж чакаць?

Сьцісла:

  • Прычына застрашваньняў у тым, што Лукашэнка хоча як найхутчэй задушыць мірнае паўстаньне. Ужо трэці месяц сытуацыя застаецца ў хісткай раўнавазе.
  • «Сілавікі» не даюць рады, бо не гатовыя ні да колькасьці пратэстоўцаў, ні да раскіданасьці пратэстаў.
  • Лукашэнку трэба паказаць сваёй «вэртыкалі», што ён усё яшчэ гаспадар сытуацыі. Інакш ад яго пачнуць уцякаць і «свае» бізнэсоўцы, і чыноўнікі.
  • Брутальныя забойствы сытуацыю ня выправяць, а толькі пагоршаць, нават калі на нейкі час саб’юць актыўнасьць людзей.

Пачнем з таго, што ахвяры агнястрэльнай зброі ўжо ёсьць: ад кулі міліцыянта загінуў пратэстовец у Берасьці Генадзь Шутаў. Цьмяная гісторыя, вынікаў расьсьледаваньня якой пакуль няма. Ня выключана, што міліцыянт быў пад псыхатропнымі прэпаратамі ці проста псыхічна неўраўнаважаны. І падобнае можа паўтарыцца дзе і калі заўгодна, калі «сілавікам» выдадуць баявыя патроны і дазволяць адкрываць агонь.

У «сілавікоў» няма рэсурсу

Калі сочыш за дыскусіямі ў сацыяльных сетках, бачна, як патэнцыйныя ўдзельнікі пратэстаў ставяцца да гэтых застрашваньняў. Адны — не баяцца, другія — асьцерагаюцца, трэція — выкладаюць вэрсію правакацыі супраць групы моладзі і стварэньня «працэсу радыкалаў», чацьвёртыя мяркуюць, што на такія працэсы няма ні хвіліны часу.

Рацыя ў тым, што часу ў «органаў» няма зусім: гаспадар патрабуе вынікаў, ён упершыню за чвэрць стагодзьдзя ня мае кантролю над паловай краіны, у яго ўсё кепска палітычна і эканамічна. І самае галоўнае — Лукашэнка мусіць паказаць усёй сваёй «пірамідзе ўлады», што «Акела не прамахнуўся», што ён усё яшчэ той самы моцны важак. Інакш навошта ён ім патрэбны?

Але АМАП і ўнутраныя войскі проста ня маюць рэсурсаў, каб эфэктыўна выканаць пастаўленую задачу: людзі выходзяць і выходзяць.

Як было

На працягу ранейшых 26 гадоў Лукашэнка самае большае што разганяў — некалькі дзясяткаў тысяч чалавек. Пачынаючы ад Чарнобыльскага шляху 1996 году. З таго часу да 2020-га выпрацаваўся пэўны стандарт узаемаадносінаў нязгодных грамадзянаў і Лукашэнкі. Людзі зьбіраюцца з мэтай прадэманстраваць свае гонар і годнасьць, іх б’юць, кагосьці садзяць на «суткі», кагосьці паводле крымінальнага артыкулу. Апошнія выкарыстоўваліся як закладнікі для гандлю з Захадам.

Як стала

Ніхто не чакаў (ні Лукашэнка, ні грамадзяне), што аднойчы выйдуць адначасова пад трыста тысяч па ўсёй краіне ў дзясятках гарадоў, а дзе-нідзе і ў вёсках.

Тое, што 9-12 жніўня была празьмерная жорсткасьць, фактычна карная апэрацыя, безумоўна, ня творчы парыў генэралаў міліцыі і КДБ. На маю думку, Лукашэнка рукамі АМАПу і ўнутраных войскаў асабіста караў грамадзянаў за непаслушэнства і спрабаваў адным ударам закрыць праблему пратэсту.

Адбыўся адваротны эфэкт: жорсткасьць абурыла нават нэўтральных да ўлады грамадзянаў. І вось ужо трэці месяц несупынных пратэстаў па ўсёй краіне. Прычым у Менску — у розных раёнах і часта ў новых пунктах.

Тэрор

«Сілавікі» таксама не былі падрыхтаваныя. Як да раскіданасьці пратэстаў, так і да блуканьня статысячных натоўпаў дэманстрантаў па сталіцы. «Сілавікоў» рыхтавалі абараняць дзяржаўныя ўстановы ад захопаў, а ня бегаць гадзінамі ў поўным рыштунку. А Лукашэнка патрабуе хутчэй сканчаць з паўстаньнем. Таму міліцыя разьвязала тэрор.

Людзей пачалі хапаць без усялякай лёгікі. Пры гэтым біць, а пасьля часта судзіць. Самы яркі, на маю думку, прыклад цынізму і абсурду — відэа, дзе ў Горадні людзі схаваліся ад дажджу, а іх пабілі і затрымалі. Пэўна, як групу пратэстоўцаў.

Прынцып: ня можаш разагнаць — застрашвай прэвэнтыўна.

Што далей

З аднаго боку, многія спакойна глядзяць на дэманстрацыю баявой тэхнікі. Зь іншага — мы памятаем пра Аляксандра Тарайкоўскага ды іншых забітых і памерлых ад траўмаў.

Што да зусім брутальнай вэрсіі магчымых расстрэлаў з кулямётаў, як ва Ўзбэкістане ў свой час (чым Лукашэнка пагражаў яшчэ да 9 жніўня), то можа быць такі вынік. Ніхто ня толькі ня выйдзе на дэманстрацыю, але наагул з дому. На шмат тыдняў. І царства-валадарства Лукашэнкі цалкам спыніцца і пасыплецца фізычна.

Але я ўсё-ткі схіляюся да вэрсіі псыхалягічнага застрашваньня пагрозамі страляць баявымі. Бо брутальныя дзеяньні да супакою не прывядуць. Хтосьці і праўда застанецца дома. Але многія разьюшацца. А апошнія ляяльныя — канчаткова адвернуцца.

А тыя ва ўладных структурах, хто пільна сочыць, куды пахіліцца ківач, у лепшым выпадку ўцякуць, у горшым для Лукашэнкі — здадуць яго самога.

Думкі, выказаныя ў блогах, перадаюць погляды саміх аўтараў і не абавязкова адлюстроўваюць пазыцыю рэдакцыі.