Жыхары Хабараўску пратэстуюць 99-ы дзень запар. І зь бел-чырвона-белымі сьцягамі. ВІДЭА

Адзін з ранейшых маршаў пратэсту ў Хабараўску

У Хабараўску сотні жыхароў выйшлі на акцыю ў падтрымку арыштаванага былога губэрнатара рэгіёну Сяргея Фургала. Пратэсты ў рэгіёне працягваюцца 99 дзён запар. Самыя масавыя з іх традыцыйна праходзяць у суботы.

Удзельнікі акцыі традыцыйна сабраліся на плошчы Леніна перад будынкам ураду Хабараўскага краю і прайшлі шэсьцем па цэнтральных вуліцах гораду. Яны скандавалі лёзунгі супраць дзейнага губэрнатара Міхаіла Дзегцярова, прэзыдэнта Ўладзіміра Пуціна, а таксама супраць супрацоўнікаў праваахоўных органаў. Скандавалі і «Беларусь, мы з табой!»

Афіцыйна мэрыя Хабараўска заявіла, што на галоўную плошчу гораду выйшлі сёньня каля 500 чалавек. Пры гэтым грамадзянскія актывісты кажуць пра некалькі тысячаў пратэстоўцаў.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: У Хабараўску АМАП разагнаў 92-ю акцыю пратэсту, затрыманыя паведамілі пра зьбіцьцё і катаваньні

Дэпутат расейскай Думы ад ЛДПР Сяргей Фургал стаў губэрнатарам Хабараўскага краю ў 2018 годзе, калі зь вялікай перавагай перамог на выбарах кандыдата ад «Адзінай Расеі». 9 ліпеня сёлета ён быў затрыманы каля свайго дома і адпраўлены ў Маскву, дзе быў арыштаваны. Палітыка абвінавацілі ў арганізацыі забойстваў і замаху на сваіх бізнэс-партнэраў. Былы губэрнатар усе абвінавачаньні адмаўляе і заяўляе пра ціск з боку сьледзтва.