Апроч жанчын, на свой марш пратэсту 17 кастрычніка выйшлі студэнты. Яны сабраліся каля Менскага дзяржаўнага лінгвістычнага ўнівэрсытэту і незадоўга да 13-й гадзіны рушылі калёнай.
Праз квартал, на вуліцы Казлова, удзельнікаў маршу разагналі сілавікі. Некалькіх удзельнікаў акцыі і журналістаў затрымалі.
Правабаронцам «Вясны» вядомыя прозьвішчы ўжо 37 затрыманых 17 кастрычніка ў Менску, большая частка затрыманьняў адбылася падчас студэнцкага маршу. Сьпіс дапаўняецца.
15:00 Праваабаронцы налічылі больш за два дзясяткі затрыманых і працягваюць зьбіраць зьвесткі.
13:35 Сілавікі надалей вылоўліваюць людзей у дварах.
13:27 Нашы чытачы даслалі відэа затрыманьняў на студэнцкім маршы. Некаторых затрыманых сілавікі гвалтам выносілі на руках.
13:22 Некалькі дзясяткаў студэнтаў яшчэ заставаліся на ходніках каля Палацу мастацтваў. Падʼехала некалькі бусаў, моладзь разьбеглася.
13:10 Два студэнты сталі на калені на праезнай частцы вуліцы Казлова, спрабуючы перакрыць рух. Да іх падʼехаў аўтамабіль ДАІ, яны пасьпелі зьбегчы.
13:05 Студэнцкую акцыю разагналі каля Палацу мастацтва — гэта за адзін квартал ад МДЛУ. Затрымалі некалькіх чалавек, у тым ліку журналістаў:
- фотакарэспандэнта Вадзіма Заміроўскага (БелаПАН),
- відэааператар Усевалада Зарубіна (БелаПАН),
- Дарʼю Сьпявак (Onliner),
- Усевалада Улітку (БелаПАН),
- карэспандэнта «РИА Новости» (адпусьцілі пасьля праверкі дакумэнтаў).
12:50 Каля МДЛУ сабраліся некалькі дзясяткаў чалавек і неўзабаве рушылі калёнай.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Жаночы марш». Некалькі дзясяткаў жанчын з кветкамі прайшлі ад станцыі мэтро «Ўсход» да плошчы Якуба Коласа