Ад пачатку пратэстаў у Беларусі ад сілавікоў пацярпелі тысячы чалавек. Шмат каму дзеля бясьпекі давялося зьехаць. Краіны Балтыі адкрылі гуманітарны калідор для ўцекачоў зь Беларусі. Зь некаторымі зь іх пагутарыў карэспандэнт «Настоящего времени».
З Радзівонам Бегляком мы сустрэліся падчас акцыі салідарнасьці ў Рызе. Сёньня ён адзін з актывістаў мясцовай беларускай дыяспары, арганізуе пікеты ды іншыя акцыі каля беларускага пасольства. Месяц таму Радзівона затрымала міліцыя ў ягоным родным Гомлі падчас акцыі пратэсту.
«Мне, агулам кажучы, пашанцавала. Мяне затрымлівала міліцыя, у момант затрыманьня мяне моцна ня білі, білі ў працэсе канваяваньня».
«Потым нас на тры дні закінулі ў СІЗА, дзе ў прынцыпе не кармілі. У нас была толькі вада, у камэры было некалькі чалавек», — расказаў Бягляк.
Пасьля вызваленьня Радзівон спачатку зьехаў у Маскву, там удзельнічаў у акцыях каля пасольства. Калі і там пачаліся затрыманьні, мужчына зразумеў, што ня хоча апынуцца ў СІЗА зноў. Таму вырашыў зьехаць у Латвію.
«Нам далі жытло, далі дапамогу ў выглядзе рэчаў, прадуктаў, мэдычную дапамогу, усё, што неабходна. Я не адзін тут, нас некалькі чалавек, некаторыя больш цяжкія, з раненьнямі. Ім далі мэдычную дапамогу аж да апэрацыяў і рэабілітацыю ў Латвіі».
Цяпер мужчына жыве ў цэнтры ўтрыманьня ўцекачоў. Сюды трапляюць усе, хто шукае прытулку ў Латвіі.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Амаль 800 беларускіх ІТ-спэцыялістаў скарысталі праграму пераезду ў ПольшчуІльля Дзьмітрыеў зь Менску перавёз у Латвію ўсю сям’ю — жонку і дваіх дзяцей.
«Я працаваў у Беларускім дзяржаўным моладзевым тэатры, я сышоў у страйк і абвясьціў патрабаваньні: мой страйк бестэрміновы, да моманту, пакуль прэзыдэнт ня сыдзе ў адстаўку, пакуль ня будуць вызваленыя ўсе палітычныя вязьні і пакуль у нашай краіне ня будзе выконвацца закон», — кажа Дзьмітрыеў.
«Няпроста, і жонцы было няпроста. Я рэжысэр кіно і тэлевізіі, сябра Саюзу кінэматаграфістаў Беларусі. Мая жонка — адвакат. Мы жылі вельмі нядрэнна, жылі ў цэнтры Менску.
Гэта няпроста, але калі табе пачынаюць пагражаць фізычнай расправай, разумееш, што не схаваесься, табе давядзецца правесьці час за кратамі. Гэта ў найлепшым выпадку, а не пабітым дзесьці быць. У цябе адбяруць дзяцей — цяпер у нас такая практыка ў Беларусі пайшла».
Страх таго, што могуць забраць дзяцей, стаў апошняй кропляй. Ільля зьвярнуўся да латвійскага консула, і сямʼю перавезьлі ў Латвію. Цяпер мужчына чакае дакумэнтаў. Пакуль ні ён, ні ягоная жонка ня могуць афіцыйна працаваць. Грошы на ежу і іншыя выдаткі дае дзяржава, але камфортным такое жыцьцё не назавеш. Ільля плянуе вярнуцца ў Беларусь, як толькі там будуць абʼяўленыя новыя выбары.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Па гуманітарных прычынах у Літву дазволена прыбыць 326 беларусамЯшчэ адзін уцякач, Ігар, называе сябе «простым рабацягам», якому надакучыла глядзець на тое, што адбываецца навокал. Празь ягоную актыўную пазыцыю яго звольнілі.
«Рабіў на адным з найбуйнейшых прадпрыемстваў Беларусі, гэта „Беларуськалій“. Можаце разумець, які абʼём. Падзеі, зьвязаныя з выбарамі і той абстаноўкай, якая ў „Белкаліі“ тварылася. Я людзей спрабаваў падняць, каб мы далучыліся да страйкаму. Гэта не дало выніку, супраць мяне пачаўся ціск. Калі звольніць чалавека ў Беларусі па артыкуле, варыянт уладкавацца на добрую працу роўны практычна нулю», — апавёў ён.
Ігар кажа, што апынуўся ў безвыходным становішчы. Працы не знайсьці. Да таго ж адчуваньне заўсёднага страху — увесь час азіраесься, чакаеш, што па цябе прыйдуць. Таму і перайшоў мяжу з Латвіяй.
«Стан быў такі, што не перадаць словамі. На нэрвах. Разуменьне, што ты пакідаеш радзіму. Жаданьне вярнуцца назад — так! Але. мяркуючы па абстаноўцы, хутчэй за ўсё, гэта будзе — не», — кажа ён.
Урад Латвіі вылучыў каля 200 тысяч эўраў на лекаваньне і рэабілітацыю пацярпелых грамадзянаў Беларусі. Уцекачы, якія знаходзяцца тут, павінны чакаць афіцыйнага статусу. Тады яны змогуць пакінуць цэнтар, шукаць жытло, працу і жыць самастойна. Але гэты пераходны этап можа доўжыцца да паўгода.
Рэпрэсіі супраць пратэстоўцаў і журналістаў. Што важна ведаць
- Праваабаронцы «Вясны» задакумэнтавалі больш за 500 сьведчаньняў катаваньняў.
- Больш за 30 000 чалавек былі затрыманыя.
- На пратэстоўцаў завялі больш за 900 крымінальных спраў.
- Журналісты ў Беларусі адседзелі ўжо больш за 500 дзён адміністрацыйнага арышту.
- Зафіксавана больш за 400 парушэньняў правоў журналістаў.
- У краіне 144 палітычныя вязьні.