Дырэктара музэю гісторыі Магілёва аштрафавалі за ўдзел у пратэстных акцыях 

Дырэктар музэю гісторыі Магілёва Аляксей Бацюкоў

У адзін дзень 43-гадовага Аляксея Бацюкова судзілі двойчы. За ўдзел у «Маршы новай Беларусі» судзьдзя Аксана Ратнікава зь Ленінскага суду Магілёва пакарала яго на 270 рублёў. У Кастрычніцкім судзьдзя Вольга Краўчанка аштрафавала Бацюкова за «Марш незалежнасьці» і «Марш герояў» на 351 рубель.

Факт удзелу ў «несанкцыянаваных шэсьцях» Аляксей Бацюкоў не адмаўляў, але не прызнаў сябе правапарушальнікам. «Рэалізоўваў сваё канстытуцыйнае права на публічнае выказваньне думкі», — казаў ён. Зь ягоных словаў, прыйшоў на шэсьце, каб выказаць незадаволенасьць парушэньнем закону падчас выбараў. Акрамя таго, як гісторык ён меў фіксаваць гістарычныя падзеі.

Раней Аляксей Бацюкоў разам з шасьцю падначаленымі падпісаў адкрыты ліст, які асуджаў «нематываваную жорсткасьць прадстаўнікоў сілавых структураў» і адзначаў, што «грамадзяне не пачуваюцца ў бясьпецы». Сярод патрабаваньняў была адстаўка Лукашэнкі.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «У краіне адбываецца праўная сваволя дзяржавы». Чаму звольніўся намесьнік дырэктара магілёўскага музэю, а супрацоўнікі гатовыя да страйку

Музэем гісторыі Магілёва Аляксей Бацюкоў кіруе ад 2011 году. За гэты час установа здолела на ахвяраваньні вярнуць у Беларусь і папоўніць уласную калекцыю каштоўнымі артэфактамі і старадрукамі. Сярод іх Статут Вялікага Княства Літоўскага.