Швэцыя павысіць абаронныя выдаткі на 40% праз рост напружанасьці з Расеяй

Швэдзкае войска

Швэцыя павялічыць вайсковыя выдаткі прыкладна на 40 працэнтаў на працягу наступных пяці гадоў і падвоіць колькасьць мабілізаваных ва ўзброеныя сілы, імкнучыся ўмацаваць абарону на фоне росту напружанасьці ў адносінах з Расеяй.

«Склалася сытуацыя, калі расейскі бок гатовы выкарыстоўваць ваенныя сродкі для дасягненьня палітычных мэтаў, — заявіў журналістам міністар абароны Швэцыі Пэтэр Гульквіст. — Зыходзячы з гэтага, нам трэба прыстасавацца да новай геапалітычнай сытуацыі ў галіне бясьпекі».

Па словах Гульквіста, вайсковы бюджэт Швэцыі да 2025 году прапануецца павялічыць на 27,5 мільярда швэдзкіх крон (3,10 мільярда даляраў).

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Лаўроў папярэджвае аб магчымасьці спыненьня дыялёгу зь лідэрамі ЭЗ

У мінулым месяцы Швэцыя выказала пратэст Маскве, пасьля таго як два вайсковыя караблі без дазволу ўвайшлі ў яе тэрытарыяльныя воды. Швэцыя таксама неаднаразова скардзілася на расейскія вайсковыя самалёты, якія праляталі занадта блізка да швэдзкіх і парушаюць паветраную прастору краіны.

Урад заявіў, што з вайсковага бюджэту будзе прафінансаванае павелічэньне колькасьці вайскоўцаў з 60 да 90 тысяч. Сярод іншага, зьявіцца новая мэханізаваная брыгада з абноўленай артылерыяй. А вайскова-марскія сілы атрымаюць яшчэ адну, пятую падводную лодку.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Няцяжка было ўсё гэта спрагназаваць». Лукашэнка пра сытуацыю пасьля выбараў