Нягледзячы на заклік культурнай супольнасьці краіны, кіраўніцтва ансамбля «Харошкі» прыняло прапанову Міністэрства культуры выступіць на сцэне Купалаўскага тэатру 15–16 кастрычніка. Дырыжора аркестру ансамбля, які заклікаў байкатаваць «танцы на касьцях», звольнілі.
Былы дырэктар Купалаўскага тэатру Павал Латушка і прадстаўнікі Беларускага фонду культурнай салідарнасьці заклікалі ансамбль «Харошкі» адхіліць ідэю Мінкультуры зладзіць 15–16 кастрычніка выступы для вэтэранаў і вайскоўцаў пад дахам легендарнай установы, разагнанай уладамі.
Зрэшты, да аргумэнтаў прыслухаліся музыкі аркестру. Як пацьвердзіў Свабодзе дырыжор Іван Ерамеевіч, яны аднагалосна прынялі рашэньне ня ўдзельнічаць у «танцах на касьцях». Раней творца таксама падпісаўся пад адкрытым лістом амаль 1500 дзеячаў культуры супраць фальсыфікацыі выбараў і гвалту сілавікоў. Грамадзянская пазыцыя каштавала яму пасады: 15 кастрычніка яго звольнілі.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Выступ „Харошак“ на Купалаўскай сцэне застанецца бруднай плямай у гісторыі калектыву», — Фонд культурнай салідарнасьціПаводле Івана Ерамеевіча, імпрэзу таксама байкатавалі некалькі артыстаў балету, але асноўная маса ўсё ж выйшла на сцэну. Усе нумары выконваюцца пад фанаграму — такога ў працяглай біяграфіі ансамбля яшчэ не было.
Просьбу Паўла Латушкі і Беларускага фонду культурнай салідарнасьці адмовіцца ад выступаў у закрытым Купалаўскім тэатры давялі да народнай артысткі, мастацкай кіраўніцы ансамбля Валянціны Гаявой. Аднак на канчатковую пазыцыю гэта не паўплывала, кажа Ерамеевіч.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Купалаўцы паказалі прэм'еру «Тутэйшых» онлайн. ВІДЭА«Варта памятаць: у жыцьці ня ўсё прадаецца і купляецца. Ня трэба маладушнічаць і дэманстраваць псэўда-філянтрапію. Толькі адмова ад выступаў у родным доме купалаўцаў дазволіць ансамблю „Харошкі“, як і любому іншаму калектыву, захаваць прафэсійную рэпутацыю і чалавечы твар. Першымі, хто вернецца на гэтую сцэну, павінны быць менавіта купалаўцы. Іначай гэта здрада культуры і пацярпеламу народу Беларусі. Купалаўскі — ня проста імя, гэта магутны сымбаль нацыянальнай культуры, які аб’ядноўвае беларусаў», — адзначыў Павал Латушка.
Такую пазыцыю падтрымалі і ў Беларускім фондзе культурнай салідарнасьці. У адмысловым звароце адзначаецца, што паважаны і вядомы на ўвесь сьвет калектыў зганьбіцца і назаўжды сапсуе рэпутацыю, якую выбудоўваў амаль паўстагодзьдзя.