Аляксандар Лукашэнка заявіў, што дакладна спрагназаваў, што будзе ў краіне пасьля выбараў, хоць ня меў ніякіх фактаў.
«Не, не было ніякай інфармацыі, што будзе пасьля гэтых выбараў у нас, у сьвеце ўвогуле. Але прагноз мой аказаўся на 100% дакладным — і што да пандэміі, і што да сытуацыі, якая сёньня складваецца. Няцяжка было ўсё гэта спрагназаваць», — сказаў ён на сустрэчы з генэральным сакратаром АДКБ Станіславам Засем.
Лукашэнка пашкадаваў, што заходнія краіны «аж занадта актывізаваліся, перабралі меру ў дачыненьні да Беларусі». І дадаў, што ў Беларусі «асабліва не напружваюцца ў гэтым пляне, хоць прыемнага тут мала».
Ён назваў Беларусь ціхай, спакойнай краінай. І толькі ў Менску «мы ніяк ня можам галаву ўзяць у рукі і падумаць, як жыць далей».
Лукашэнка па-ранейшаму лічыць, што без уплыву звонку беларусы не пратэставалі б.
«…Галоўная прычына — вонкавая. Не было б вонкавага ціску і ўплыву, ніколі б гэтага ў Беларусі не было. Хоць мы ўжо перажывалі ўсякае. Але тады ўплыў звонку быў мінімальным, а цяпер яны закусілі цуглі прыстойна».
Ён двойчы паўтарыў, што ўлады дадуць рады гэтай сытуацыі.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Бабарыка пра сустрэчу з Лукашэнкам у СІЗА: Ніякіх дамоўленасьцяў не дасягнулі ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Лукашэнка расказаў пра «сем этапаў сцэнару па зьнішчэньні Беларусі»