Сёлета Дзень маці ў Беларусі — гэта хутчэй дзень жалобы. Сотні жанчын і мужчын знаходзяцца ў зьняволеньні, і сотні маці перажываюць гэты жах — іх дзеці ў турме.
Напярэдадні сьвята так званыя «праваахоўнікі» распылялі сталым жанчынам газ у вочы, кідалі сьвятлашумавыя гранаты і стралялі проста на вуліцах. Паралельна з гэтым старшыня Беларускага саюзу жанчын і намесьніца міністра аховы здароўя Алена Богдан расказвала, што трэба стымуляваць нараджальнасьць, і асуджала тых маці, якія бяруць з сабой дзяцей на акцыі пратэсту. А намесьніца старшыні Беларускага саюзу жанчын і намесьніца старшыні пастаяннай камісіі па правах чалавека, нацыянальных адносінах і сродках масавай інфармацыі Лілія Ананіч казала пра важнасьць прапаганды сямейных каштоўнасьцяў і пра тое, як мерапрыемствы па ўсёй краіне будуць праслаўляць маці.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Марш матуляў» ў Менску завяршыўся на плошчы Якуба Коласа. ФОТА, ВІДЭАНіводная з гэтых чыноўніц не асудзіла дзяржаўны гвалт і ня выказалася наконт незаконных затрыманьняў, зьбіцьця і катаваньняў жанчын. Маўчаць яны і пра выпадкі, калі на жанчын з актыўнай грамадзянскай пазыцыяй ціснуць празь дзяцей — пагражаюць, што сям’ю прызнаюць такой, што знаходзіцца ў сацыяльна небясьпечным становішчы, а дзяцей забяруць у прытулак. І, вядома ж, яны нічога ня кажуць пра адвагу жанчын, якія, нягледзячы ні на што, працягваюць змагацца за свае правы даступнымі ім спосабамі.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Пэнсіянэры выйшлі на акцыі пратэсту. Сілавікі ўжылі супраць іх пэтарды і газ. ФОТА, ВІДЭАЗамест гэтага Алена Богдан вырашыла асудзіць маці, якія бяруць дзяцей на пратэсты. Нават не папярэдзіць пра небясьпеку для дзяцей з боку супрацоўнікаў так званых «праваахоўных органаў», бо тыя гатовыя біць усіх, хто трапляецца пад руку, а менавіта асудзіць. Аказваецца, на акцыі пратэсту дзяцей ня трэба браць, бо сам удзел у такіх мерапрыемствах дае малым разуменьне, што закон — гэта нешта, што зусім не абавязкова выконваць.
У нейкай ступені я фармальна магу пагадзіцца з чыноўніцай — на акцыях сапраўды можна ўбачыць, як закон працуе супраць простых людзей і як яго масава парушаюць супрацоўнікі ў форме і цывільным. Але ж яна кажа пра іншае. Для яе парушальніцы і парушальнікі закону — тыя, хто выходзіць пратэставаць. І яна шчыра клапоціцца, каб дзеці не навучыліся ад бацькоў, што за свае правы можна і трэба змагацца. Зрэшты, яе асабістая зацікаўленасьць зразумелая — не хапала яшчэ, каб людзі прыгадалі ёй усю хлусьню, якую яна казала на брыфінгах падчас першай хвалі каранавірусу.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Стабільнасьць, каранавірус і АМАП. Пра што кажуць выбарнікам давераныя асобы ЛукашэнкіСловы Ліліі Ананіч таксама гучаць лягічна, калі не забываць, што яна высокапастаўленая чыноўніца рэжыму Лукашэнкі. Але ж менш агіднымі яны ад гэтага не становяцца.
Заклікі «падвышаць нараджальнасьць» — гэта заўжды сумнеўная ідэя. А калі такія заклікі гучаць у часы беззаконьня, калі маці суткамі ня могуць знайсьці сваіх дзяцей па аддзяленьнях міліцыі і турмах, — гэта ўжо цынізм найвышэйшай пробы. Нараджаць для таго, каб невядомыя ў форме білі і калечылі дзяцей? Дзякуй, ня хочацца.
Дзяржава згадвае пра павагу да маці толькі пару разоў на год — калі трэба неяк адзначыцца ў сувязі са спэцыялізаванымі сьвятамі. Ва ўсе астатнія дні маці — гэта ва ўсім вінаватыя жанчыны, якія мусяць «сядзець і не адсьвечваць», а дзяржава пакідае за сабой права раздаваць ацэнкі, якія маці добрыя, а якія — не.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Жнівень–кастрычнік 2020. Мы — сьведкі. „«Зэкі» з нараў падскочылі ад жаху“. АБНАЎЛЯЕЦЦАІ ў ранг кепскіх трапляюць, вядома ж, ня толькі тыя, хто ня можа паўнавартасна даглядаць малых праз стан здароўя ці шкодныя звычкі, але і тыя, хто мае актыўную грамадзянскую пазыцыю і адкрыта яе дэманструе.
9 кастрычніка маю сяброўку і каляжанку Яўгенію Доўгую затрымалі побач з домам проста на вачах яе дзевяцігадовай дачкі. На заўвагу: «У мяне малое дзіця» ў РАУСе рэагавалі словамі: «Ну і што?». Сёньня, непасрэдна ў Дзень маці, затрымалі маці палітзьняволенага Паўла Севярынца Тацяну Севярынец — пасьля размовы ў РАУСе яе адвезьлі ў ізалятар часовага ўтрыманьня чакаць суду.
Вось так улады славяць мацярынства — руйнуюць сем’і, калечаць жанчын і іх дзяцей. Проста таму, што могуць. Проста таму, што садысты.
Думкі, выказаныя ў блогах, перадаюць погляды саміх аўтараў і не канечне адлюстроўваюць пазыцыю рэдакцыі.