Прэзыдэнт Украіны Ўладзімір Зяленскі расказаў, што першым на ўсеўкраінскім апытаньні будзе пытаньне аб пажыцьцёвым зьняволеньні за карупцыю ў асабліва буйных памерах.
«Мы абяцалі ўсе важныя пытаньні вырашаць разам з табой. І мы робім першыя крокі на гэтым шляху. 25 кастрычніка на выбарчым участку ты зможаш даць адказы на пяць важных пытаньняў», — сказаў ён у сваім відэазвароце.
Першае пытаньне, паводле Зяленскага, будзе гучаць так: «Ці трэба ўвесьці пажыцьцёвае зьняволеньне за карупцыю ў асабліва буйных маштабах?»
«Прыходзь і вырашай. Будзе так, як вырашыш ты, таму што Ўкраіна — гэта ты», — дадаў прэзыдэнт.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Зяленскі абвясьціў пра «ўсенароднае апытаньне» ва ЎкраінеПравядзеньне ўсенароднага апытаньня ў дзень мясцовых выбараў 25 кастрычніка Ўладзімір Зяленскі анансаваў учора. Украінцам прапануюць адказаць на пяць пытаньняў, астатнія чатыры, як чакаецца, будуць абвешчаныя пазьней. Прэзыдэнт заявіў, што гэта першы крок да народаўладзьдзя.
«25 кастрычніка на выбарчым участку я задам табе пяць важных пытаньняў пра тое, што мы абмяркоўваем на вуліцы, на кухні і ў інтэрнэце, пра што спрачаемся зь сябрамі, бацькамі ці таксоўшчыкамі, пра тое, пра што раней у нас ніколі не пыталіся. Пяць важных пытаньняў, каб даведацца тваю думку», — сказаў у звароце Зяленскі.
Раней у офісе прэзыдэнта сказалі, што апытаньне, у адрозьненьне ад рэфэрэндуму, ня будзе мець прамых юрыдычных наступстваў.