Рэнтген-лябаранту магілёўскай стаматалягічнай паліклінікі Андрэю Вярбіцкаму, якога міліцыянты паранілі падчас ранейшага затрыманьня, прысудзілі яшчэ 12 сутак арышту. Сёньня сканчаўся яго папярэдні 14-дзённы прысуд.
Ленінскі суд прызнаў Вярбіцкага актыўным удзельнікам «несанкцыянаванага шэсьця» 30 жніўня. Мэдык прабудзе ў зьняволеньні яшчэ 12 дзён.
У пратаколе віну Вярбіцкага сфармулявалі звыкла для затрыманых на пратэставых акцыях: «ішоў у калёне пратэстоўцаў, якія выгукалі лёзунгі, несьлі апазыцыйную сымболіку, чым выказвалі незадаволенасьць вынікамі выбараў».
Судзьдзя Алена Літвіна разглядала справу супраць мэдыка ў сваім кабінэце праз скайп. Сувязь са зьняволеным у ізалятары безупынна перарывалася. Удзел у шэсьці абвінавачаны прызнаў, пры гэтым заявіў, што «нічога не парушаў». На пытаньне судзьдзі, ці прызнае ён вынікі выбараў, той адказаў, што не. На відэа апэратыўнікаў сябе не пазнаў, бо паказвалі праз два маніторы.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Зь лякарні параненага на нядзельнай акцыі пратэсту магілёўца завезьлі ў ізалятарАдвакат Вярбіцкага Сяргей Карытка настойваў: у матэрыялах справы няма доказаў таго, што ягоны падабаронны актыўна ўдзельнічаў у мірным шэсьці. Ён даводзіў, што ў дзеяньнях абвінавачанага няма складу правапарушэньня, акрамя таго, «негуманна трымаць чалавека ў ізалятары пасьля трох дзён, праведзеных у лякарні». Адвакат заявіў, што бел-чырвона-белы сьцяг — не «апазыцыйная сымболіка», бо чатыры гады ён быў дзяржаўным.
Прысуд Алена Літвіна вынесла ў дзень, калі ў Вярбіцкага сканчаўся адміністрацыйны арышт. Ягоную віну судзьдзя палічыла даказанай, зьвярнуўшы ўвагу, што міліцыя папярэджвала людзей пра несанкцыянаваную акцыю.
Падтрымаць Андрэя Вярбіцкага ў суд прыйшлі багата людзей, але выраку большасьць зь іх чакала ў калідоры. Невялікі кабінэт судзьдзі зьмясьціў толькі пяць чалавек. Жонка асуджанага Ірына кажа, што судзьдзя праігнаравала ейную просьбу вылучыць залю для разгляду справы.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Замест вачэй — шчыліны, налітыя крывёй», — грамадзяніна Расеі зьбілі пры затрыманьні і паказалі па БТАндрэя Вярбіцкага першы раз затрымалі 27 верасьня. Тады сілавікі ўжылі спэцсродкі для разгону акцыі пратэсту «Народная інагурацыя». Вярбіцкаму разьбілі твар, расьсеклі лоб. Зь Ленінскага аддзелу міліцыі яго забрала хуткая дапамога. У лякарні мэдыкі паведамілі пра «крымінальны характар» пашкоджаньня пацыента ў Сьледчы камітэт і шпіталізавалі яго.
Вярбіцкага паўторна затрымалі 29 верасьня, калі ён паехаў да судова-мэдычных экспэртаў фіксаваць пабіцьцё. Да суду тры дні яго трымалі ў ізалятары. Судзьдзя Ленінскага суду Натальля Панасенка прызнала Вярбіцкага актыўным удзельнікам «несанкцыянаванага мерапрыемства» і адправіла за краты на 14 дзён.
Тым часам мэдыкі калектыўным зваротам у пракуратуру запатрабавалі прыцягнуць да адказнасьці тых, хто траўмаваў Вярбіцкага. Ліст падпісалі больш за 50 чалавек. У ім адзначаюць, што арышт Вярбіцкага паралізаваў працу рэнтгеналягічнага кабінэту і яшчэ двух аддзяленьняў стаматалягічнай паліклінікі.
Вядома, што абласное ўпраўленьне аховы здароўя высьвятляла ў кіраўніцтва паліклінікі, ці зьбіраюцца яны звальняць Вярбіцкага. Там адмаўляюцца гэта рабіць, бо ён высокакваліфікаваны спэцыяліст.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Жнівень–кастрычнік 2020. Мы — сьведкі. „«Зэкі» з нараў падскочылі ад жаху“. АБНАЎЛЯЕЦЦА