У краме «Канфіскат» у Менску выставілі на продаж дзясяткі мабільных тэлефонаў, многія зь якіх пашкоджаныя. У сеціве выказваюцца меркаваньні, што гэта тэлефоны ўдзельнікаў акцыяў пратэсту.
Што гэта за тэлефоны?
Паводле супрацоўнікаў крамы, якая належыць кіраўніцтву спраў прэзыдэнта, мабільныя тэлефоны да іх паступаюць увесь час, а апошнія паступленьні былі ў мінулым месяцы.
«Мы непасрэдна не кантактуем з тымі, хто перадае нам тавар, я атрымліваю тавар па нашай унутранай накладной, як звычайныя прамысловыя тавары. Яны паступаюць з нашага склада», — кажа загадчыца крамы Натальля. — Калі вы хочаце падвесьці рысу, што гэта неяк зьвязана з апошнімі падзеямі ў краіне, то гэта ніяк не зьвязана. Гэта доўгі працэс: вопіс, захоўваньне, ацэнка, перадача. Працэдура займае да некалькіх месяцаў».
Загадчыца крамы кажа, што калі ў людзей забіраюць маёмасьць, то яны часам разьбіваюць тэлефон, каб той нікому не дасталіся і каб зьнішчыць інфармацыю ў ім.
Ва ўпраўленьні па Менску і Менскай вобласьці дэпартамэнту па гуманітарнай дзейнасьці кіраўніцтва спраў прэзыдэнта сказалі, што тэлефоны паступаюць з розных упаўнаважаных органаў, сярод якіх МУС, органы прымусовага выкананьня.
«Зь якім гэта зьвязана парушэньнем, трэба падымаць і глядзець кожную справу. Тэлефоны ў нас увесь час паступаюць, гэта не зьвязана зь нейкімі канкрэтнымі падзеямі. Іх ня стала больш, як звычайна», — сказала супрацоўніца кіраўніцтва.
Яна не патлумачыла, чаму сярод тавараў так шмат пашкоджаных тэлефонаў.
У сеціве выказваюцца меркаваньні, што мабільныя тэлефоны, якія забіралі ў некаторых дэманстрантаў, могуць трапіць у сетку канфіскату.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Магілёўцу з інваліднасьцю заблякавалі рахунак, забралі тэлефон і кампутар у лік штрафу за пратэстПраваабаронца «Вясны» Павал Сапелка расказаў пра выпадкі, калі тэлефоны забіралі, іх разьбівалі сілавікі і не вярталі потым гаспадарам. Некаторыя затрыманыя заяўлялі праваабаронцам, што ў іх тэлефоны забіралі, апісвалі, але знайсьці іх было немагчыма, бо на іх не выдаваліся ніякія дакумэнты.
«У некаторых тэлефоны забіралі на Акрэсьціна, і калі людзей выпускалі пасьля зьбіцьця, яны туды не вярталіся. У некага тэлефоны разьбівалі выпадкова падчас зьбіцьця. Некаторыя заяўлялі, што тэлефон сілавікі разьбівалі ў іх на вачах, калі не маглі яго адкрыць, і выкідалі проста недзе ўбок. Некаторыя кажуць, што такое адбывалася і ў памяшканьні РУУС. Адзін казаў, што нейкая дама ў пастарунку разьбіла тэлефон на вачах і даламала яго, згінаючы рукамі».
Паводле Паўла Сапелкі, некаторыя дэманстранты паведамлялі, што ў іх падчас затрыманьня супрацоўнікі таксама пазабіралі без усялякага афармленьня дарагія навушнікі, відэакамэру і іншыя рэчы. Праваабаронца назваў такія дзеяньні непрацэсуальнымі і незаконнымі.
Для таго каб пачынаць працэсы па вяртаньні гэтых рэчаў, трэба высьветліць, ці захаваліся дакумэнты аб іх канфіскацыі.
«Калі ў адміністрацыйных справах захаваліся пратаколы пра гэта, магчыма, некаму выдалі копію пратакола, — гэта павялічвае шанец на вяртаньне рэчаў. Калі ў некага такіх доказаў і пацьвярджэньняў няма, то гэта істотна зьмяншае шанцы».
Паводле Паўла Сапелкі, сілавікі ня маюць права патрабаваць, каб затрыманы разблякаваў свой тэлефон.
«Папрасіць могуць, але дакладна не запатрабаваць і тым больш разьбіваць яго ці зьбіваць чалавека за тое, што ён не разблякаваў. Адзіны законны спосаб для агляду тэлефона замацаваны ў Крымінальна-працэсуальным кодэксе і Выканаўчым кодэксе аб адміністрацыйных правапарушэньнях. Гэта павінна рабіцца ў пэўнай працэсуальнай форме».