«Дапамагаў да апошняга дня». Як у Менску разьвіталіся з праваабаронцам Валерам Шчукіным

Разьвітаньне з Валерам Шчукіным

Разьвітаньне з Валерам Шчукіным, які пайшоў з жыцьця 10 кастрычніка, адбылося сёньня ў цырыманіяльнай залі на вуліцы Альшэўскага.

Правесьці праваабаронцу ў апошні шлях прыйшло каля ста чалавек: палітыкі, праваабаронцы, журналісты, актывісты дэмакратычнага руху.

Свайго былога калегу ўзгадаў дэпутат Вярхоўнага Савету 13 скліканьня Павал Знавец:

«Гэта быў адчайна сьмелы чалавек і прынцыповы змагар за справядлівасьць і законнасьць. У Вярхоўным Савеце 13-га скліканьня ён быў самым яркім дэпутатам-апазыцыянэрам. У 1996 годзе падпісаў імпічмэнт Аляксандру Лукашэнку, а пасьля разгону парлямэнту ўвайшоў у камісію, якая зьбірала доказы шматлікіх парушэньняў закону і Канстытуцыі з боку гэтага чалавека. У верасьні 1999 году разам зь Віктарам Ганчаром ён рыхтаваў другі імпічмэнт Лукашэнку. Шкада, што Валер Шчукін сышоў менавіта цяпер, калі справа змаганьня з рэжымам атрымала новы працяг. Але ён да апошняга верыў, што пераможам», — сказаў пра Шчукіна былы дэпутат Знавец.

На пачатку 2000-х гадоў Валер Шчукін пачаў займацца праваабарончай дзейнасьцю. Жонка зьніклага ў 2000 годзе апэратара ОРТ Зьмітра Завадзкага Сьвятлана згадвае, што Валер Шчукін быў адным з тых, хто асабіста падтрымаў яе ў самыя цяжкія першыя дні пасьля зьнікненьня мужа.

Сьвятлана Завадзкая

«Ён прыходзіў да нас дамоў, удзельнічаў ва ўсіх акцыях, якія мы арганізоўвалі ў памяць ня толькі пра Дзіму, а пра ўсіх зьніклых. Гэта, ведаеце, такі змагар, які ўсё жыцьцё аддаў справе барацьбы з дыктатурай, за вольную Беларусь. Таму сёньня мы не маглі не прыйсьці, каб не сказаць яму яшчэ раз дзякуй».

Дэпутатам Вярхоўнага Савету Валер Шчукін стаў, калі быў сябрам Камуністычнай партыі Беларускай, у якой аўтаматычна аказаўся пасьля падзелу былой КПБ на апазыцыйных камуністаў і прыхільных Лукашэнку. Але ў 1998 годзе і з гэтай партыі Шчукіна выключылі за ўчынак, які палічылі несумяшчальным зь ленінскай ідэалёгіяй. Намесьнік старшыні партыі «Справядлівы сьвет» (былой Партыі камуністаў Беларускай) Валер Ухналёў расказаў, за што выключылі Валера Шчукіна з партыйных шэрагаў.

Валер Ухналёў

«У партыі стала вядома, што камуніст Шчукін удзельнічаў у шэсьці на Дзяды, ды яшчэ і нёс перад калёнай крыж. Жарсьці разгарэліся, ого! Пазьней бы не адлічылі, а тады ў партыі яшчэ шмат заставалася артадоксаў. Але, лічу, Шчукін у душы застаўся камуністам, для якога ідэалы сацыяльнай справядлівасьці — не пусты гук. Сам пра сябе казаў, што ён „камуніст, але ня сябра партыі“. Дарэчы, мы потым прапаноўвалі яму аднавіцца, гэта было ўжо ў партыі „Справядлівы сьвет“, але ён ставіў умовай, каб яго самі аднавілі, бо лічыў, што выключылі несправядліва. У гэтым — увесь Шчукін, які нават у дробязях не ішоў на кампраміс з сумленьнем», — сказаў пра нябожчыка Валер Ухналёў.

У 2001 годзе Валер Шчукін як праваабаронца спрабаваў прайсьці на прэсавую канфэрэнцыю ў будынак Міністэрства ўнутраных спраў, але яго не пусьцілі. Калі былога афіцэра гвалтоўна выцягвалі з будынку, ён ударыў нагой у шкляную перагародку. Шчукін тады параніўся, яго судзілі за хуліганства, адбыў паўгода за кратамі.

Валер Шчукін нясе крыж на Дзяды, 1989

Але пасьля гэтага прэсавыя канфэрэнцыі кіраўнікоў МУС сталі праходзіць не ў закрытай установе для прывілеяваных журналістаў, а на нэўтральнай пляцоўцы, куды маглі трапіць і незалежныя СМІ, і праваабаронцы. Былы адвакат, праваабаронца Беларускага Хэльсынскага камітэту Гары Паганяйла адзначыў асаблівую нішу, якую заняў Валер Шчукін у праваабарончым руху Беларусі.

«Калі праваабарончая дзейнасьць зьвязаная найперш зь мірнымі дзеяньнямі адносна ўлады, ён прадстаўляў больш радыкальнае крыло. І такое павінна быць, якое гатова ісьці далей, а ня толькі зьвяртаць увагу на парушэньні правоў чалавека і патрабаваць іх выпраўленьня. Валер быў якраз такі. Ён не тэарэтык і ня ціхі практык, ён не з аднолькавай масы. Яму трэба было выяўляць асабістую мужнасьць, геройства, паказваць прыклад. Ён быў глыбока адданы сваёй ідэі і верыў, што яна павінна быць рэалізаваная, а таму ўжываў такія яркія пратэставыя мэтады».

Акрамя паўгадавога зьняволеньня ў Жодзінскай турме, Валер Шчукін агулам адбыў ня менш за год у ізалятарах, у тым ліку на Акрэсьціна. Сядзельцы Акрэсьціна потым дзякавалі Шчукіну за тое, што пасьля ягоных пратэстаў адміністрацыя мусіла паляпшаць побыт арыштантаў, наладжваць ім шпацыры, паляпшаць харчаваньне.

«Пра Валера мы ўсе ведалі, што ён ніколі на загад турэмшчыкаў не адварочваўся да сьцяны. Нічога не баяўся, глядзеў ім толькі ў твар. Але быў адзін момант, калі нават ён ужо разьвітваўся з жыцьцём», — актывістка Тацяна Зялко расказала гісторыю пра 2011 год, калі ў краіне праходзілі пратэставыя «маўклівыя акцыі».

На адной з такіх акцыяў Валера Шчукіна затрымалі разам з унукам. АМАП не хацеў затрымліваць Шчукіна, якому было ўжо 70 гадоў, але той не пагадзіўся пакідаць унука аднаго, сказаў: «Тады і мяне забірайце». У выніку Шчукіну далі 10 сутак арышту, але выпрабаваньні і на гэтым ня скончыліся.

«Мы чакалі яго выхаду каля ізалятара, але яго паклалі на падлогу аўтамабіля і вывезьлі за горад. А там у полі сілавік наставіў на яго аўтамат і адвёў затвор. Валер казаў, што ў той момант нават ён, баявы афіцэр, разьвітаўся з жыцьцём. І вось мне дзіўна, як ён, столькі разоў перажыўшы такі страх, ня стаў чэрствым душой і да апошняга дня жыцьця дапамагаў усім, хто да яго зьвяртаўся!»

Сярод тых, хто прыйшоў разьвітацца з Валерам Шчукіным, было некалькі жанчын з руху «Маці 328».

«Летась з намі пешкі ён прайшоў 40 кілямэтраў паломніцкага ходу ад Менску да Мар’інай Горкі. Мы зь ім аб’ехалі ўсе калёніі, дзе сядзяць нашы дзеці, пасаджаныя на шмат гадоў за распаўсюд наркотыкаў. Яшчэ ўлетку разам з намі ён браў удзел у галадоўцы пратэсту. Гэта чалавек вялікай душы. Нездарма яму падаравалі майку з надпісам „Найлепшы дзядуля краіны“. Ён гэтым надпісам больш ганарыўся, чым якім мэдалём», — сказала пра нябожчыка актывістка «Маці 328» Тацяна Славіна.

Да дэпутацтва Валер Шчукін служыў на Ціхаакіянскім флёце, даслужыўся да званьня капітана 2 рангу. Падчас разьвітаньня сябры Шчукіна засьпявалі над ягонай труной славутую песьню «Варяг», а салдаты з ганаровай варты трымалі ня толькі вайсковыя ўзнагароды Шчукіна, яле і ягоную фуражку марскога афіцэра. Калі труну паднесьлі да катафалку, загучалі аплядысмэнты і гімн «Магутны Божа».

Валера Шчукіна пахавалі на Чыжоўскіх могілках. На труну паклалі бел-чырвона-белы сьцяг.