Прэзыдэнт Украіны Ўладзімір Зяленскі заявіў, што 25 кастрычніка — у дзень выбараў у мясцовыя органы ўлады — у краіне пройдзе ўсенароднае апытаньне.
Грамадзянам будзе прапанавана адказаць на 5 пытаньняў — сказаў Зяленскі ў аўторак у відэазвароце. Відэазварот быў стылізаваны як даверлівая размова з грамадзянінам Украіны — Зяленскі зьвяртаўся ў ім на «ты».
«25 кастрычніка на выбарчым участку я задам табе 5 важных пытаньняў пра тое, што мы абмяркоўваем на вуліцы, на кухні і ў інтэрнэце, пра што спрачаемся з сябрамі, бацькамі ці таксістамі. Пра тое, пра што нас раней ніколі не пыталі. 5 важных пытаньняў, каб даведацца тваё меркаваньне... Ледзьве не ўпершыню ў гісторыі незалежнасьці мы спытаем: «А што думаеш ты?» — сказаў прэзыдэнт Украіны.
Пры гэтым ён не ўдакладніў ні фармулёўку пытаньняў, ні нават іх агульны сэнс, сказаўшы, што пра гэта будзе абвешчана дадаткова.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Украіна далучыцца да новых эўрапейскіх санкцый супраць уладаў БеларусіГаворка ідзе не пра юрыдычна абавязковы рэфэрэндум, а, па сутнасьці, пра сацыялягічнае апытаньне.
25 кастрычніка ва Украіне павінны прайсьці выбары ў мясцовыя органы ўлады. Апытаньні паказваюць, што партыя прэзыдэнта «Слуга народу» ў многіх буйных гарадах, хутчэй за ўсё, не даб’ецца посьпеху, па апытаньнях лідзіруюць дзейсныя мэры Кіева, Адэсы, Харкава, Дняпра.