Шматразовая алімпійская чэмпіёнка ў біятлёне і Герой Беларусі Дар’я Домрачава выказалася пра падзеі ў краіне. Пры гэты яна наўпрост не згадала затрыманьня і жорсткага пабіцьця свайго старэйшага брата.
Мікіта Домрачаў працуе ў менскім архітэктурным бюро Барыса Школьнікава, быў схоплены падчас нядзельнага «Маршу гонару» на вуліцы Зыбіцкай. Невядомыя з форме без апазнавальных знакаў сьцягнулі яго з ровара, моцна пабілі і затым даставілі ў Фрунзэнскае РУУС. Цяпер ён чакае даты суду.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Пасыпаліся іскры з вачэй, цякла па галаве кроў». Брат Дар’і Домрачавай расказаў пра жорсткае затрыманьне. ВІДЭА«Робячы нейкія крокі, важна разьлічваць на вынік. Я абсалютна дакладна разумею: мой публічны гнеў ня вырашыць грамадзкіх праблемаў. Магчыма, гэта дапаможа атрымаць чыёсьці ўхваленьне, магчыма, на душы стане лягчэй, але да мэты дакладна не прывядзе. Мы ўсе бачым, што ў краіне праблемы. Каб іх вырашыць, бессэнсоўна скаланаць паветра агрэсіўнымі словамі з аднаго боку, а з другога — звальняць, арыштоўваць і дубасіць людзей на вуліцах. Ня важна, выпадкова яны апынуліся ў „гарачых“ месцах або наўмысна. Усе аднолькавыя», — напісала спартоўка ў Facebook.
Паводле Дар’і Домрачавай, пакуль што канфлікт супрацьлегласьцяў толькі нарастае, сытуацыя пагаршаецца і абстаноўка становіцца ўсё больш вострай.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Міліцыянт пхнуў нагой — ці жывы хоць». Жанчыну закінулі на падлогу аўтобуса разам з пабітым братам Героя Беларусі«На гэты момант я пакуль ня бачу таго кроку, зрабіўшы які, змагу па-сапраўднаму дапамагчы вырашэньню праблем у краіне. А вось з боку дзяржаўных органаў, каб урэгуляваць сытуацыю і вырашыць праблемы людзей, павінны знайсьціся ідэі цікавейшыя, чым „завалілі / арыштавалі / звольнілі“. Не ў першабытным жа веку жывем... Людзі хочуць быць пачутымі. Таму трэба ўсім супакоіцца, абмеркаваць, і, магчыма, гэта здолее наблізіць нас да запаветнай мэты — справядлівай, мірнай, спакойнай, прыгожай краіны... Ува ўсіх жа мэта такая?» — задалася яна рытарычным пытаньнем.
Пры гэтым на пытаньне парталу Tut.by, ці зьвярталіся да яе або Мікіты прадстаўнікі ўладаў з выбачэньнямі ці прапановамі дапамогі, Дар'я адказала адмоўна.