Першы намесьнік міністра ўнутраных спраў Беларусі Генадзь Казакевіч заявіў 12 кастрычніка, што «пры неабходнасьці» сілавікі будуць ужываць спэцсродкі і баявую зброю супраць пратэстоўцаў у Беларусі.
Паводле Казакевіча, МУС адзначае «паступовае затуханьне пратэстнага руху, як па тэрыторыях, так і па масавасьці», пратэсты зьмясьціліся збольшага ў Менск і сталі «арганізаванымі скрайне радыкальнымі».
«Мы сутыкнуліся ня проста з агрэсіяй, а з групамі баевікоў, радыкалаў, анархістаў, футбольных фанатаў, спробамі вярнуць Беларусь у пачатак жніўня», — сказаў Казакевіч пра акцыю пратэсту ў Менску 11 кастрычніка, адзначыўшы, што ведамства не дапусьціць «каляровай рэвалюцыі» ў Беларусі.
«Ад імя МУС заяўляю: мы ня сыдзем з вуліц і забясьпечым парадак у краіне. Супрацоўнікі органаў унутраных спраў і вайскоўцы ўнутраных войск у выпадку неабходнасьці будуць прымяняць спэцсродкі і баявую зброю», — заявіў Казакевіч.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Выкарыстоўвалі біты, камяні, прыстасаваньні асьляпляльнага ўзьдзеяньня», — МУС аб пратэстоўцах