Крохкае перамір’е паміж войскамі Азэрбайджану і Армэніі ў карабахскім канфлікце апынулася пад пагрозай зрыву ў нядзелю, 11 кастрычніка, — на наступны дзень пасьля яго ўступленьня ў сілу.
Падпісанае ў Маскве міністрамі замежных справаў абедзьвюх краінаў пагадненьне пачало дзейнічаць апоўдні мясцовага часу ў суботу, 10 кастрычніка. Але ўжо ў ноч з 10 на 11 кастрычніка Стэпанакерт, галоўны горад Нагорнага Карабаху, быў абстраляны ракетамі, паведамляюць інфармацыйныя агенцтвы.
Камандаваньне войскамі сэпаратысцкага анкляву абвінаваціла Азэрбайджан у абстрэле і іншых гарадоў Нагорнага Карабаху.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Азэрбайджан і Армэнія дамовіліся пра замірэньне ў Нагорным Карабаху. І пасьля гэтага заявілі пра абстрэлыМіністар замежных справаў Армэніі ўвечары 10 кастрычніка абвінаваціў азэрбайджанскі бок у парушэньні ўмоваў перамірʼя. Міністэрства абароны Азэрбайджану заявіла, што ракетамі, выпушчанымі з тэрыторыі Армэніі, быў абстраляны горад Гянджа — другі паводле колькасьці насельніцтва пасьля сталіцы горад Азэрбайджану.
Паступілі таксама паведамленьні пра гібель мірных жыхароў у азэрбайджанскім горадзе Гянджа. Паводле апошніх дадзеных, ахвярамі абстрэлаў гэтага гораду сталі 9 чалавек. МЗС Армэніі назвала гэта дэзынфармацыяй, накіраванай на ўтойваньне ваенных дзеяньняў з боку Азэрбайджану.