«Беларускія кібэрпартызаны» ўзламалі сайты праўладных прафсаюзаў, МАЗу і шэраг іншых сайтаў

Група хакераў, якая называе сябе «Беларускія кібэрпартызаны», 10 кастрычніка ўзламала сайты каля трох дзясяткаў шэрагу праўладных прафсаюзаў, сайт Нацыянальнага архіву Рэспублікі Беларусі, сайт Менскага аўтамабільнага заводу, Нацыянальны навукова-тэхнічны партал і сайт meteo.by, дзе публікуюць надвор’е.

На сайтах узламаных прафсаюзаў (паводле пераліку саміх хакераў, такіх каля 30 дзясяткаў) хакеры заклікаюць рабочых выходзіць зь іх і далучацца да незалежных прафсаюзаў, ствараць стачкамы і страйкаваць.

На сайце МАЗу «на просьбу работнікаў» паведамляюць, што большасьць работнікаў — «супраць дыктатуры Лукашэнкі» і заклікаюць астатніх падтрымаць страйк.

На сайце Нацыянальнага архіву Рэспублікі Беларусі «кібэрпартызаны» апублікавалі спасылку з праваабарончага сайту «Вясна», дзе апублікаваны пералік палітвязьняў Беларусі, з подпісам «іх імёны ўвайдуць у гісторыю! яны нашы героі!».

На сайце Нацыянальнага навукова-тэхнічны парталу хакеры напісалі, што «рэжым Лукашэнкі гнабіць навукоўцаў, студэнтаў, выкладчыкаў» і «хоча ператварыць Беларусь у канцлягер, дзе большасьць будзе ўкалваць за поліўку на палях, заводах і турэмных вытворчасьцях...».

А на сайце meteo.by напісалі, што «11 кастрычніка — выдатнае надвор’е для рэвалюцыйнай барацьбы з дыктатурай».

Паўсюль хакеры заклікаюць выходзіць на традыцыйную нядзельную акцыю пратэсту.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Што вядома пра беларускіх кібэрпартызанаў