Падрыхтоўка да царскага маніфэсту? Што стаіць за сустрэчай Лукашэнкі з палітвязьнямі

1905 год, Расейская імпэрыя

Сустрэча Аляксандра Лукашэнкі з палітвязьнямі — сьведчаньне таго, што ціск — і народу, і Захаду, і нават Расеі — пэўны плён усё ж дае. Вырашыць праблему толькі сілай не атрымліваецца. Неабходны нейкі палітычны манэўр. Вось Лукашэнка яго і паспрабаваў зрабіць.

Як цар Мікалай ІІ па парадзе Віттэ ў разгар рэвалюцыі 1905 году вырашыў ня толькі страляць, але і задаволіць патрабаваньні памяркоўнай часткі грамадзтва. Вынікам гэтага разьліку стаў маніфэст 17 кастрычніка і абвяшчэньне выбараў у Думу. Рэвалюцыя і пасьля яшчэ працягвалася, але раскалоць адзіны антыабсалютысцкі фронт царскі рэжым тады здолеў.

Гледзячы па ўсім, Лукашэнка зараз спрабуе зрабіць нешта падобнае — раскалоць адзіны фронт, пайсьці на пэўныя саступкі памяркоўным (ня толькі палітычным сілам, але і слаям грамадзтва) і ізаляваць непрымірымых.

Зьвяртае на сябе ўвагу, што сустрэўся ён толькі са зьняволенымі чальцамі каманды Бабарыкі, чальцоў каманды Ціханоўскай ці блогераў на ёй не было.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Лукашэнка сустрэўся з Бабарыкам і іншымі палітвязьнямі ў СІЗА КДБ

Бабарыка на відэа, падрыхтаваным да арышту, заклікаў да стварэньня партыі. Аляксей Венядзіктаў казаў, што ў Сочы Пуцін з Лукашэнкам лёс Бабарыкі абмяркоўваў. Нарэшце, учорашнія развагі Лукашэнкі наконт нэўтральнай часткі грамадзтва — сьведчаньне таго, што нейкі — менавіта палітычны, а ня проста сілавы — ход ён прыдумаў.

Якімі будуць наступствы «круглага стала» ў СІЗА, складана сказаць. Варта ўлічваць і тое, што вязьні знаходзяцца пад пастаянным ціскам і ў інфармацыйнай ізаляцыі. Яны ня вельмі добра ўяўляюць сабе, як зьмянілася Беларусь за час іх зьняволеньня.

Гэта — чыньнікі, якія робяць нейкую зьдзелку больш магчымай.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Латушка: «Весьці дыялёг па Канстытуцыі ў турме КДБ — прызнаньне ўласнай слабасьці»

Ці пойдзе на яе найперш Бабарыка? І калі так, то ці абернецца гэта дабром для Беларусі? Адказ невідавочны, але ён невідавочна адмоўны. Шанцы на посьпех рэвалюцыі не выглядаюць стоадсоткавымі. Да таго ж ёсьць рызыка, што калі яна пачне перамагаць, то прыедзе Пуцін на танку.

Нейкі кампраміс можа ўратаваць сытуацыю і ад разгрому рэвалюцыі, і ад чорнай рэакцыі, і ад расейскага ўварваньня.



Думкі, выказаныя ў блогах, перадаюць погляды саміх аўтараў і не абавязкова адлюстроўваюць пазыцыю рэдакцыі.