Былога прэзыдэнта Кіргізстану Алмазбека Атамбаева ў суботу затрымалі супрацоўнікі спэцпадразьдзяленьня міліцыі, паведаміла кіргіская служба Радыё Свабода.
Ягоных целаахоўнікаў затрымалі днём раней за «арганізацыю масавых беспарадкаў».
Уначы з 5 на 6 кастрычніка пратэстоўцы вызвалілі яго з-за кратаў. Потым адвакат Атамбаева паведаміў, што яго на падставе судовага рашэньня перавялі пад хатні арышт. Але 9 кастрычніка Алмазбек Атамбаеў выступіў на мітынгу ў цэнтры Бішкеку, які скончыўся беспарадкамі.
Экс-прэзыдэнта Алмазбека Атамбаева асудзілі на 11 гадоў пазбаўленьня волі ў чэрвені 2020 году. Яго прызналі вінаватым у арганізацыі карупцыі па справе аб незаконным вызваленьні крымінальнага аўтарытэта Азіза Батукаева.
З 5 кастрычніка ў Бішкеку праходзяць акцыі супраць абвешчанай перамогі на парлямэнцкіх выбарах прапрэзыдэнцкіх сілаў. Цэнтравыбаркам афіцыйна адмяніў вынікі галасаваньня, пасьля таго як дэманстранты занялі парлямэнт і шэраг урадавых будынкаў.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Прэзыдэнт Кіргізстану ўвёў надзвычайнае становішча ў Бішкеку ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Прэзыдэнт Кіргізстану не зьбіраецца ў адстаўку. Што адбываецца ў краіне
Прэзыдэнт Кіргізстану Сааранбай Джээнбекаў добраахвотна пакідаць пост не зьбіраецца.