Экс-лідэра АГП, прадстаўніка Ціханоўскай Анатоля Лябедзьку асудзілі на 15 сутак

Анатоль Лябедзька

Былы старшыня Аб’яднанай грамадзянскай партыі Анатоль Лябедзька атрымаў 15 дзён арышту, паведамляе праваабарончы цэнтар «Вясна».

Такое рашэньне 9 кастрычніка прыняла судзьдзя суду Цэнтральнага раёну Менску Юлія Густыр. Судзілі палітыка за ўдзел у несанкцыянаванай акцыі (ч. 3 арт. 23.34 КаАП).

Удзень 8 кастрычніка паплечнікі Анатоля Лябедзькі паведамілі пра яго магчымае затрыманьне. Як сказаў БелаПАН выканаўца абавязкаў старшыні АГП Мікалай Казлоў, Лябедзька не прыйшоў на прызначаную сустрэчу і зь ім ужо паўтары гадзіны ня могуць зьвязацца праз тэлефон — нумар недаступны. Родныя Лябедзькі таксама ня ведалі, дзе ён, і не маглі зь ім зьвязацца.

Пазьней афіцыйны прадстаўнік ГУУС Менгарвыканкаму Натальля Ганусевіч пацьвердзіла, што Анатоля Лябедзьку затрымалі 8 кастрычніка «за адміністрацыйнае правапарушэньне».

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Затрымалі экс-лідэра АГП, прадстаўніка Ціханоўскай Анатоля Лябедзьку

Былы палітвязень, былы старшыня АГП, дэпутат Вярхоўнага Савету Беларусі 12-га і 13-га скліканьняў Анатоль Лябедзька цяпер узначальвае цэнтар дасьледаваньняў і прагнозаў разьвіцьця «Эўрапейскі дыялёг». Ён таксама каардынатар Грамадзкай канстытуцыйнай камісіі, якая займаецца распрацоўкай праекту зьменаў і дапаўненьняў у Канстытуцыю 1994 году.

5 кастрычніка стала вядома, што экс-кандыдатка ў прэзыдэнты Беларусі Сьвятлана Ціханоўская прызначыла Лябедзьку адным з сваіх прадстаўнікоў у канстытуцыйнай рэформе.