Былы старшыня Аб’яднанай грамадзянскай партыі Анатоль Лябедзька затрыманы 8 кастрычніка за адміністрацыйнае правапарушэньне.
«Лябедзька затрыманы за ўчыненьне адміністрацыйнага правапарушэньня», — паведаміла агенцтву «Інтэрфакс-Захад» афіцыйны прадстаўнік ГУУС Менгарвыканкаму Натальля Ганусевіч.
Удзень 8 кастрычніка паплечнікі Анатоля Лябедзькі паведамілі пра яго магчымае затрыманьне. Як сказаў БелаПАН выканаўца абавязкаў старшыні АГП Мікалай Казлоў, Лябедзька не прыйшоў на прызначаную сустрэчу і зь ім ужо каля паўтары гадзіны ня могуць зьвязацца праз тэлефон — нумар недаступны. Родныя Лябедзькі таксама ня ведалі, дзе ён, і не маглі зь ім зьвязацца.
Былы палітвязень, былы старшыня АГП, дэпутат Вярхоўнага Савету Беларусі 12-га і 13-га скліканьняў Анатоль Лябедзька цяпер узначальвае цэнтар дасьледаваньняў і прагнозаў разьвіцьця «Эўрапейскі дыялёг». Ён таксама каардынатар Грамадзкай канстытуцыйнай камісіі, якая займаецца распрацоўкай праекту зьмяненьняў і дапаўненьняў у Канстытуцыю ў рэдакцыі 1994 году.
5 кастрычніка стала вядома, што экс-кандыдатка ў прэзыдэнты Беларусі Сьвятлана Ціханоўская прызначыла Лябедзьку адным са сваіх прадстаўнікоў па канстытуцыйнай рэформе.