У Воршы ўладальніка крамы беларускай атрыбутыкі вінавацяць у нясплаце падаткаў

Ігар Казьмярчак, архіўнае фота

Дэпартамэнт фінансавых расьсьледаваньняў праводзіць праверку прадпрымальніцкай дзейнасьці мясцовага актывіста апазыцыі і праваабаронцы Ігара Казьмерчака.

Супрацоўнікі фінансавай міліцыі правялі ператрус у краме, а таксама ў прадпрымальніка дома. Забралі кампутар ды фінансавую дакумэнтацыю. Яго аштрафавалі на 51 рубель за неналежнае вядзеньне кнігі скаргаў і прапановаў. Прадпрымальнік кажа, што апэратыўнікі апытваюць ягоных партнэраў-рамесьнікаў, якія пастаўляюць свае вырабы.

«У мяне ўжо склалася такая традыцыя, што раз на 5 гадоў я станаўлюся фігурантам крымінальных спраў, — камэнтуе сытуацыю Ігар Казьмярчак. — Гэтым разам мая крама стала падставай для перасьледу. Зразумела, што ў кожным гандлёвым аб’екце можна знайсьці дробныя парушэньні. Я не выключэньне».

Паводле яго, з прыбытку крама дапамагае аплочваць арэндную плату офісаў мясцовай суполкі Таварыства беларускай мовы і моладзевай арганізацыі «Зьвяз». «Паколькі нам не даюць цяпер нармальна працаваць, то ў гэтым месяцы мы ня зможам гэтым арганізацыям дапамагчы», — адзначае ён.

У 2001 годзе Ігар Казьмярчак, тады актывіст «Маладога фронту», быў фігурантам крымінальнай справы, распачатай за падрыў лаўкі ля расейскай амбасады. Пасьля яго перасьледавалі за ўдзел у незарэгістраванай арганізацыі. Вінавацілі актывіста таксама ў распаўсюдзе парнаграфіі ды фальшываманэцтве.