Валянтэрская кампанія BYCOVID19, якая дапамагала мэдыкам падчас першай хвалі пандэміі каранавірусу, заявіла, што ня будзе перазапускаць праект з прыходам другой хвалі пандэміі каранавірусу.
Валянтэры патлумачылі, чаму ўзаемадзеяньне зь дзяржавай гэтым разам немагчымае.
- Улады заблякавалі пляцоўку MolaMola, на якой людзі зьбіралі грошы для мэдыкаў. Яе заснавальніка Эдуарда Бабарыку зьняволілі. Цяпер у Беларусі няма як зладзіць зручны і празрысты збор сродкаў.
- Сузаснавальнікі BYCOVID19 Андрэй Стрыжак і Андрэй Ткачоў зьехалі з краіны ад перасьледу ўладаў.
«Дзяржаве было б някепска вызначыцца з прыярытэтамі, — гаворыцца ў допісе BYCOVID19. — Калі хапае на вадамёты і сыстэмы „Барʼер“, то мусіць хапаць грошай і на ШВЛ і кіслародныя канцэтратары. Калі хапае рэсурсу надзець балаклаву ці маску на кожнага сілавіка, значыць, ёсьць грошы на мэдычныя маскі і рэсьпіратары. Калі хапае грошай аплачваць шматмесячныя дзяжурствы соцень амапаўцаў — значыць, хапае на аплату і звышаплату працы патрэбнай колькасьці мэдработнікаў».
Да таго ж вясной быў дэфіцыт масак і рэсьпіратараў. Цяпер жа на іх «проста трэба выдзяліць бюджэт».
«Мы ўпэўненыя, што грамадзтва ўсяляк падтрымае мэдыкаў, якія будуць патрабаваць, каб адміністрацыі забясьпечвалі патрэбныя ўмовы працы, належную абарону і сумленную інфармацыю для грамадзтва. У тым ліку пра сьмяротнасьць і рэальны ўзровень хворнасьці», — зазначылі валянтэры BYCOVID19.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «COVID ні з чым ня зблытаеш». Як пачалася другая хваляВалянтэрская ініцыятыва дапамогі мэдыкам #ByCovid19 за 80 дзён працы перадала шпіталям 428 078 сродкаў абароны і 1421 адзінак апаратуры, было сабрана $335 000 на дапамогу ў барацьбе з каранавіруснай інфэкцыяй.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: У сьвеце зафіксавалі рэкордную колькасьць новых выпадкаў COVID-19 за дзень ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Чаму міліцыя патрабуе здымаць маскі ў разгар пандэміі