Сааранбай Джээнбекаў заявіў, што гатовы пайсьці ў адстаўку з пасады прэзыдэнта Кіргізстану пасьля нармалізацыі сытуацыі ў краіне. Тэкст звароту кіраўніка дзяржавы да суграмадзян апублікаваны на афіцыйным сайце прэзыдэнта ў ноч на 9 кастрычніка.
Джээнбекаў заявіў, што «палітычная сытуацыя ў краіне дасягнула крытычнага пункту» і для яе ўрэгуляваньня неабходна правесьці новыя парлямэнцкія выбары і адправіць у адстаўку ранейшы ўрад. Пасьля таго, як будуць зацьверджаныя законныя кіраўнікі органаў выканаўчай улады, Сааранбай Джээнбекаў гатовы пакінуць пасаду прэзыдэнта Кіргізстану.
У звароце кіраўнік дзяржавы таксама заклікаў усе палітычныя сілы Кіргізстану захаваць мір і спакой у краіне, не дзяліць народ і ня ўносіць раскол у грамадзтва.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Прэзыдэнт Кіргізстану не зьбіраецца ў адстаўку. Што адбываецца ў краіне
З 5 кастрычніка ў Бішкеку пачаліся акцыі супраць абвешчанай перамогі на парлямэнцкіх выбарах прапрэзыдэнцкіх сіл. Цэнтарвыбаркам афіцыйна адмяніў вынікі галасаваньня пасьля таго, як дэманстранты занялі парлямэнт і шэраг урадавых будынкаў. Пратэстоўцы таксама вызвалілі з-за кратаў былога прэзыдэнта Алмазбека Атамбаева і яго прыхільнікаў. Чальцы некалькіх апазыцыйных партый заявілі, што плянуюць зрынуць прэзыдэнта Джээнбекава і стварыць новы кабінэт міністраў.
Прэсавая служба кіргіскага парлямэнту праінфармавала 8 кастрычніка, што Сааранбай Джээнбекаў правёў першы раўнд перамоваў з шэрагам заканадаўцаў у справе аднаўленьня парадку ў краіне. Паводле гэтых дадзеных, прэзыдэнт нават абмеркаваў магчымасьці свайго імпічмэнту. Аднак якое-небудзь рашэньне заканадаўцаў можа быць прызнана легітымным толькі пры прысутнасьці на пасяджэньні ня менш як 61 з 120 чальцоў заканадаўчага органу.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Хопіць трымацца сьсінелымі рукамі за ўладу». Ці ёсьць чаму павучыцца беларусам у кіргізаў? — адказвае Павел Латушка
Адначасова на поўдні краіны, у Ошы і Кара-Суу, у чацьвер сотні жыхароў выйшлі на акцыі ў падтрымку Джээнбекава.
За час беспарадкаў у Кіргізстане пацярпелі больш за тысячу чалавек, адзін загінуў.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Месцазнаходжаньне прэзыдэнта Кіргізстану невядомаеГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: У Кіргізстане працягваецца палітычны крызіс