Філёзаф Гаруноў: Ціханоўскую, як Навальнага, ня труцяць, уключылі ў сьпіс вышуку — і ня больш за тое

Ціханоўская з дарадцам Вячоркам у Бэрліне. Ілюстрацыйнае фота.

Чаму МУС РФ уключыў Сьвятлану Ціханоўскую ў сьпіс крымінальнага вышуку? Як Расея зьбіраецца паглынаць Беларусь? Чаму Масква настойвае на канстытуцыйнай рэформе ў Беларусі?

Гэтыя тэмы ў «Праскім акцэнце» абмяркоўваюць расейскі філёзаф Максім Гаруноў і палітычны аглядальнік Свабоды Юры Дракахруст.

Дракахруст: Калі беларускія ўлады некалькі год таму перасьледавалі супрацоўніка агенцтва Regnum, беларускага грамадзяніна Юрыя Баранчыка, расейскія праваахоўныя органы ніякай саюзнай салідарнасьці не дэманстравалі. Цяпер, калі ў Беларусі распачалі крымінальную справу супраць Ціханоўскай, у вышук па Расеі яе хутка абвясьцілі. «Аўтаматызм» саюзных абавязкаў зусім не аўтаматычны. Чаму ж адносна яе ён спрацаваў?

Гаруноў: У выпадку з «Рэгнумам» Расея паказвала Лукашэнку, што прапагандыста, які працуе на Расею, чапаць ня трэба. Ён наш, а нашых чапаць нельга. А што да ўключэньня Ціханоўскай у сьпіс вышуку ў РФ — гэта падтрымка Аляксандру Рыгоравічу. Але без фанатызму. Ціханоўскую, як Навальнага, ня труцяць, уключылі ў сьпіс вышуку — і ня больш за тое. Масква гаворыць, што ня будзе вырашаць праблемы Лукашэнкі за яго. Расея чакае разьвіцьця сытуацыі — Лукашэнка ўпадзе ці не?

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Лукашэнка ля ног Пуціна. Навумчык пра канец «беларускай шматвэктарнасьці»

Дракахруст: Расейскія экспэрты да выбараў казалі, што пасьля іх Лукашэнка будзе слабы, і тады інтэграцыйныя прапановы будуць ізноў выкладзеныя перад Менскам. Пасьля выбараў Лукашэнка аказаўся слабейшы, чым можна было меркаваць да выбараў. Дык яго можна браць цяпер «цёпленькім». Зараз Масква будзе яго даціскаць з інтэграцыяй? І калі так, то як? Лукашэнка ня хоча аддаваць уладу нікому — ні Ціханоўскай, ні Пуціну.

Гаруноў: Беларусь з пункту гледжаньня Расеі — і так унутры Расеі. Стаўленьне Расеі да Лукашэнкі — стаўленьне паляўнічых у лесе да ня вельмі здаровага лася. Пуцін нездарма разам з Шайгу гойсае па Сібіры на паляваньні. Лукашэнка — такі белавескі лось, які закульгаў. Геапалітычнае паляваньне — улюбёны занятак цяперашняй расейскай эліты. Зьнесьці ўрад у сваёй былой калёніі, кшталту Беларусі, — гэта ж неверагодны адрэналін. Яны таму так маладжава і выглядаюць.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Я б ня меў ніякіх ілюзіяў наконт ролі Пуціна ў беларускім крызісе, — Радзіхоўскі

Дракахруст: Навошта Крэмль так настойвае на канстытуцыйнай рэформе ў Беларусі? Гэта такі расейскі гістарычны архетып з 1905 году — рэвалюцыю трэба спыняць царскім маніфэстам аб паслабленьнях?

Гаруноў: Лукашэнку нешта трэба рабіць. Беларусы другі месяц зьбіраюцца па 100 тысячаў. Яму трэба неяк вяртаць сабе краіну. Крэмль хацеў бы, каб Беларусь стала яго тэрыторыяй, як ДНР. Толькі пажадана без крывавых эксцэсаў. Без «крывавых нядзеляў», калі праводзіць аналёгію з 1905 годам. У Лукашэнкі зараз кожная нядзеля — у пэўным сэнсе крывавая. Крамлю не хацелася б, каб сталы гвалт панаваў на вуліцах гарадоў Беларусі. Гэта рызыкоўная сытуацыя. Невядома, як яно павернецца.