«Матч дзесяцігодзьдзя» ў Тбілісі пачаўся з рэалізаванага пэнальці ў вароты беларусаў 

Зборная Беларусі, ілюстрацыйнае фота

8 кастрычніка футбольная зборная Беларусі гуляе ў Тбілісі супраць каманды Грузіі ў паўфінале плэй-оф кваліфікацыі чэмпіянату Эўропы. Праз пандэмію форум перанесьлі на 2021 год.

Сустрэча праходзіць на стадыёне імя Барыса Пайчадзэ без гледачоў. Яе вынік аднолькава важны для абедзьвюх зборных — пераможца згуляе ў фінале за пуцёўку на кантынэнтальны турнір з мацнейшым у пары Паўночная Македонія — Косава. Менавіта таму і ў Менску, і ў Тбілісі гэтую сустрэчу называюць «матчам дзесяцігодзьдзя».

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Каля сотні беларускіх футбалістаў асудзілі міліцэйскі гвалт. ВІДЭА 

Пачатак для гасьцей пачаўся з накдаўну. Ужо на 6-й хвіліне беларусы парушылі правілы ў сваёй штрафной, быў прызначаны пэнальці. Грузінскі форвард Акрыяшвілі ўпэўнена рэалізаваў штрафны. Пры ліку 1:0 супернікі сышлі на перапынак.

Цяпер усё залежыць ад волі да перамогі. Калі ў асноўны час пераможца ня вызначыцца, будзе прызначаны дадатковы час. А як спатрэбіцца, то фіналіст вызначыцца ў сэрыі пэнальці.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Грамадзянская пазыцыя каштавала Драгуну месца ў футбольнай зборнай, — «Трыбуна» 

У Тбілісі не паляцеў адзін з наймацнейшых беларускіх футбалістаў Станіслаў Драгун, які ў шасьці вырашальных матчах папярэдняй Лігі Нацый забіў пяць галоў і фактычна забясьпечыў заўзятарам інтрыгу з пападаньнем у фінал чэмпіянату Эўропы.

Аднак, паводле інфармаваных крыніцаў, грамадзянская пазыцыя прывяла да таго, што кіраўніцтва Беларускай фэдэрацыі футболу настаяла на яго адхіленьні ад зборнай.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Фэдэрацыя футболу папярэдзіла гульцоў, каб не выкарыстоўвалі «палітычныя жэсты» і сымбалі

Паўфінальныя стадыя павінна была прайсьці яшчэ вясной, аднак распаўсюд каранавірусу прымусіў ссунуць увесь спартовы каляндар, уключна з Эўра-2020.

Зрэшты, нават цяперашні матч да апошняга быў пад пытаньнем. Улады Грузіі рэкамэндавалі адмовіцца ад яго праз складаную эпідэмічную сытуацыю. У выніку пагадзіліся на варыянт з пустымі трыбунамі. А вясной меўся быць аншляг — усе 55 тысяч квіткоў былі прададзеныя.