На сайце амбасады Літоўскай Рэспублікі ўказана, што цяпер прыём дакумэнтаў прыпынены.
«У цяперашні час прыпынены прыём дакумэнтаў на атрыманьне візаў як у самой амбасадзе, так і ў візавых цэнтрах Літвы», — гаворыцца ў паведамленьні на сайце амбасады.
У даведачнай службе візавага цэнтру Літвы ў Менску Tut.by сказалі, што 8 кастрычніка перасталі прымаць кліентаў, запісаных на гэты дзень як у візавым цэнтры ў Менску, так ў офісах у Гомлі і Віцебску. З тымі, хто быў запісаны на падачу дакумэнтаў 8 кастрычніка, зьвяжуцца і паведамяць пра далейшыя дзеяньні. Адзначаецца, што пакуль гаворка ідзе толькі пра 8 кастрычніка: інфармацыі пра тое, ці будзе адноўленая паўнавартасная праца гэтых офісаў у іншыя дні, на гэты момант няма.
Візавыя цэнтры Літвы ў іншых гарадах, да прыкладу ў Горадні і Берасьці, сёньня прымаюць кліентаў у штатным рэжыме.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Літва адклікала амбасадара зь Менску для кансультацый, беларускія паслы ў Літве і Польшчы вярнуліся ў МенскВыданьню Onliner, якому ўдалося дазваніцца да візавых цэнтраў Польшчы ў Беларусі, там паведамілі, што візавыя цэнтры Берасьця, Пінска і Баранавічаў спыняць прыём дакумэнтаў заўтра і ў панядзелак, 9 і 12 кастрычніка.
«Тыя, у каго ёсьць запіс у гэтых гарадах на заўтра і, адпаведна, хто ня зможа падаць дакумэнты ў гэты дзень, будуць прынятыя пасьля аднаўленьня працы ў першачарговым парадку, — адзначылі ў цэнтры. — Калі ў кліента ёсьць SMS аб тым, што ў якасьці выключэньня дакумэнты будуць прынятыя сёньня, то яны тады спакойна могуць прыяжджаць у візавы цэнтар сёньня і падаваць дакумэнты. Але толькі пры наяўнасьці SMS-абвесткі».
Менскія і гомельскія візавыя цэнтры да канца тыдня (8 і 9 кастрычніка) будуць працаваць у штатным рэжыме, а «што будзе з панядзелка, пакуль незразумела, інфармацыя ўдакладняецца».
Візавыя цэнтры ў Горадні і Лідзе 8 кастнычніка працуюць у штатным рэжыме, а вось наконт заўтрашняга дня інфармацыі пакуль няма.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: На патрабаваньне Менску 32 польскія дыпляматы пакідаюць Беларусь. Дзеяньняў у адказ пакуль ня будзе2 кастрычніка МЗС Беларусі запатрабавала ад Літвы і Польшчы скараціць колькасьць дыпляматаў у Беларусі: Літве — з 25 да 14, Польшчы — з 50 да 18. Літва і Польшча ў адказ заявілі, што не плянуюць адклікаць амбасадараў і скарачаць дыпляматычную прысутнасьць. Тады ў МЗС Беларусі падкрэсьлілі, што прапанова Літве і Польшчы скараціць штат амбасадаў абавязковая для выкананьня.
5 кастрычніка стала вядома, што Літва і Польшча ўсё ж адклікалі сваіх дыпляматаў для кансультацый: амбасадар Польшчы Артур Міхальскі і амбасадар Літвы Андрус Пулокас пакінулі Беларусь.
Таксама вядома, што 32 польскія дыпляматы пакідаюць Беларусь.