Парыж і Бэрлін падрыхтавалі санкцыі ў дачыненьні да Расеі з прычыны атручваньня Аляксея Навальнага. Пра гэта гаворыцца ў сумеснай заяве міністэрстваў замежных спраў Францыі і Нямеччыны.
Новыя санкцыі ў дачыненьні да Расеі з прычыны атручваньня Аляксея Навальнага закрануць расейскіх чыноўнікаў, але не закрануць газаправод «Паўночны паток-2». Пра гэта піша Bloomberg са спасылкай на свае крыніцы. Паводле зьвестак агенцтва, лідэры ЭЗ, у тым ліку кіраўніцтва Нямеччыны, лічаць, што менавіта Масква адказная за ўжываньне яду «Навічок» супраць Навальнага. Гэта парушае нормы Арганізацыі па забароне хімічнай зброі (АЗХЗ).
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Арганізацыя па забароне хімічнай зброі пацьвердзіла, што Навальны быў атручаны «Навічком»Bloomberg паведамляе, што Нямеччына мае прэтэнзіі да Масквы з прычыны кібэратакі на кампутарную сыстэму Бундэстагу ў 2015 годзе — у гэтай атацы падазраюць расейскіх хакераў. Акрамя таго, Нямеччына лічыць, што расейская выведка датычная да забойства ў Бэрліне былога чачэнскага палявога камандзіра Зэлімхана Гангашвілі ў 2019 годзе. Масква ўсе абвінавачаньні абвяргае.
Абмежаваньні не закрануць «Паўночны паток-2», сьцьвярджаюць крыніцы. Пры гэтым санкцыі будуць не такія сур’ёзныя, як пасьля атручваньня былога афіцэра ГРУ Сяргея Скрыпаля і яго дачкі ў 2018 годзе ў Солсбэры. Тады Вялікая Брытанія і іншыя эўрапейскія краіны масава выслалі расейскіх дыпляматаў.
Паводле зьвестак Reuters, санкцыі супраць Расеі будуць абмяркоўвацца на наступным тыдні, на сустрэчы кіраўнікоў МЗС дзяржаваў ЭЗ.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Навальны заявіў, што за яго атручэньнем стаіць ПуцінНавальны лічыць вінаватым у сваім атручваньні прэзыдэнта Расеі Ўладзіміра Пуціна. Разам з тым апазыцыянэр заклікаў не называць магчымы санкцыйны сьпіс ягоным імем. Па словах Навальнага, абмежаваньні павінны закранаць людзей з найбліжэйшага атачэньня расейскага прэзыдэнта.