Камісія этыкі Беларускай асацыяцыі журналістаў разгледзела звароты сябра арганізацыі Тараса Тарналіцкага адносна «незаконнай дэманстрацыі» мастацкага фільму «Купала».
У першым звароце заяўнік папрасіў даць ацэнку адміністратарам тэлеграм-каналаў «Беларусь головного мозга» і «Мотолько помоги», якія 7 верасьня зьмясьцілі чарнавую вэрсію фільма «Купала» і тым самым парушылі стандарты прафэсійнай этыкі.
Просьба зьняць копію з прагляду ў тэлеграм-канале «Мотолько помоги», як і адпаведны відэазварот рэжысэра Ўладзіміра Янкоўскага, былі праігнараваныя. Акрамя заяўніка, зварот падпісалі яшчэ 52 асобы, датычныя да кінавытворчасьці.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Крамлёўская прапаганда рване з жудаснай сілай». Што пра фільм «Купала» сказаў кінакрытыкУ другім звароце Тарас Тарналіцкі зьвяртае ўвагу на парушэньні прафэсійнай этыкі, якія зьмяшчаюцца ў аўтарскай калёнцы Міхася Скоблы, надрукаванай 11 верасьня ў газэце «Народная воля» і на сайце. На думку заяўніка, спампоўваньне чарнавой вэрсіі і напісаньне тэксту на падставе ўражаньняў супярэчыць прынцыпу атрыманьня інфармацыі законным шляхам.
Пры разглядзе абодвух зваротаў былі заслуханы тлумачэньні Тараса Тарналіцкага і аўтара артыкула «Фільм „Купала“ — глядзець усім!» Міхася Скоблы. Атрымаць тлумачэньні ад адміністратараў тэлеграм-каналу «Беларусь головного мозга» з аб’ектыўных прычынаў не ўдалося. Антон Матолька запрашэньне на паседжаньне або тлумачэньне ў пісьмовым выглядзе праігнараваў.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Дырэктар «Беларусьфільму» анансаваў фэстывальныя і пракатныя пляны кінастужкі «Купала»У выніку разгляду і абмеркаваньня абодвух зваротаў Камісія этыкі БАЖ пастанавіла:
- тэлеграм-каналы «Беларусь головного мозга» і «Мотолько помоги» парушылі стандарт журналісцкай этыкі, які патрабуе захоўваць правы і законныя інтарэсы трэціх асобаў падчас распаўсюду інфармацыі;
- у публікацыі Міхася Скоблы «Фільм „Купала“ — глядзець усім!» адсутнічае парушэньне прафэсійнай журналісцкай этыкі, бо аўтар ня ўтойваў факт незаконнага зьмяшчэньня і распаўсюду фільма ў інтэрнэце, а сам артыкул прысьвечаны ягонаму зьместу.
Адпачатку публiчны паказ «Купалы» плянаваўся яшчэ летась у сьнежнi, потым праз пандэмію прэм'еру перанесьлі на другую палову 2020-га. Казалі, што стужцы не даюць пракатнае жыцьцё, бо яе не паглядзеў Аляксандар Лукашэнка.