У Кіргізстане выбралі новага сьпікера парлямэнту і вылучылі часовага кіраўніка ўраду

Садыр Джапараў, часовы кіраўнік ураду Кіргізстану

Дэпутаты «​Жогорку Кеңеш»​ (парлямэнту) Кіргізстану выбралі Мыктыбека Абдылдаева новым сьпікерам, паведамляе кіргіская служба Радыё Свабода. Папярэдні сьпікер, Дастан Джумабекаў, падаў у адстаўку.

З увагі на тое, што прэм’ер-міністар Кіргізстану Кубатбек Баронаў таксама падаў у адстаўку, дэпутаты вылучылі на пасаду новага кіраўніка ўраду Садыра Джапарава, які павінен прадставіць парлямэнту праграму, структуру і склад ураду. Да зацьвярджэньня ў парлямэнце яго кандыдатуры ён будзе выконваць абавязкі кіраўніка ўраду.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Пасяджэньне парлямэнту Кіргізстану для прызначэньня кіраўніка часовага ўраду адбудзецца ў сераду

Пакуль няясна, ці мае Джапараў падтрымку большасьці дэпутатаў 120-мандатнага парлямэнту Кіргізстану.

У Кіргізстане 4 кастрычніка прайшлі парлямэнцкія выбары, супраць вынікаў якіх узьняліся масавыя пратэсты прыхільнікаў апазыцыі. Цэнтральная выбарчая камісія краіны адмяніла вынікі парлямэнцкіх выбараў.

Прэзыдэнт Кіргізстану Сааранбай Джээнбекаў заявіў пра спробу захопу ўлады ў краіне і заклікаў лідэраў пратэстаў вярнуцца ў прававое рэчышча. Пратэстоўцы вызвалілі зь СІЗА былога экс-прэзыдэнта Кіргізстану Алмазбека Атамбаева, экс-прэм’ера Сапара Ісакава і іншых апазыцыйных Жээнбекаву палітыкаў.

Паведамлялася таксама, што пратэстоўцы захапілі будынак парлямэнту і офіс прэзыдэнта ў Бішкеку, будынкі мэрыі і ўраду.

Паводле дадзеных Міністэрства аховы здароўя, падчас беспарадкаў пацярпелі каля 700 чалавек, адзін чалавек памёр ад траўмаў.