Дэпутата зь Лебедзева, якога разам з выбарнікамі пабіў АМАП, абвінавацілі ўжо ў двух правапарушэньнях

Зьбіцьцё ў Лебедзеве 12 жніўня

12 жніўня жыхары Лебедзева, што каля Маладэчна, несьлі калектыўную заяву старшыні сельскага выканкаму Тамары Дудзіч. Але не данесьлі — некалькіх жыхароў разам з дэпутатам жорстка пабілі і затрымалі. Тое зьбіцьцё дагэтуль не разгледзелі, а дэпутата мясцовага савету Аляксандра Грымаця ўжо абвінавацілі ў двух правапарушэньнях, піша kraj.by.

12 жніўня Грымаця аштрафавалі на 108 рублёў за ўлётку на краме. Ён дагэтуль абскарджвае гэты штраф. Кажа, што гэта была абʼява пра падрыхтоўку звароту да старшыні сельскага выканкаму і вешаў яе іншы чалавек.

У нядзелю 4 кастрычніка яго ў міліцыі азнаёмілі з пратаколам за ўдзел у несанкцыянаванай акцыі. Дэпутат зь ім не пагадзіўся.

«12 жніўня я дзейнічаў строга ў сувязі з статусам дэпутата. Мы несьлі зварот старшыні Лебедзеўскага сельвыканкаму Тамары Дудзіч з патрабаваньнем пра выстаўленьне хадайніцтва перад Маладачанскім раённым Саветам дэпутатаў пра спыненьне кровапраліцьця і беззаконьня і недапушчэньне гвалту як з боку сілавых структураў, так і грамадзян-пратэстоўцаў», — сказаў Грымаць.

Ён дадаў, што заявы пра зьбіцьцё жыхароў Лебедзева Сьледчы камітэт яшчэ не разгледзеў.

Тамара Дудзіч зварот, які несьлі 12 жніўня, пакінула без разляду, «бо ён зьмяшчае пытаньні, вырашэньне якіх не адносіцца да кампэтэнцыі Лебедзеўскага сельскага выканаўчага камітэту».

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: У аграгарадку Лебедзеве АМАП жорстка зьбіў і затрымаў мясцовага дэпутата і трох грамадзян
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Жнівень–кастрычнік 2020. Мы — сьведкі. „«Зэкі» з нараў падскочылі ад жаху“. АБНАЎЛЯЕЦЦА