Празь некалькі гадзін пасьля пратэстаў прэзыдэнт Кіргізстану запрасіў на сустрэчу лідэраў 16 партый

Бішкек

Прэзыдэнт Кіргізстану Сааранбай Жээнбекаў у аўторак плянуе правесьці сустрэчу зь лідэрамі палітычных партый, якія ўзялі ўдзел у парлямэнцкіх выбарах 4 кастрычніка, паведамляецца на афіцыйным сайце прэзыдэнта.

«Прэзыдэнт 6 кастрычніка сустрэнецца зь лідэрамі 16 партый, якія ўзялі ўдзел у парлямэнцкіх выбарах», — гаворыцца ў паведамленьні.

Сустрэча заплянаваная на 11:00 па мясцовым часе.

У Бішкеку і некалькіх іншых гарадах Кіргізстану дзясяткі тысяч людзей выйшлі на вуліцы з патрабаваньнем адмяніць вынікі парлямэнцкіх выбараў, якія адбыліся ў мінулыя выходныя.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Супраць мітынгоўцаў у Бішкеку прымянілі вадамёты і сьвятлашумавыя гранаты

Мітынгі арганізавалі прыхільнікі васьмі апазыцыйных партый, якія не прайшлі 7-працэнтны бар’ер. Яны заявілі аб масавых фальсыфікацыях і подкупе выбаршчыкаў.