Сьвятлана Ціханоўская працягвае фармаваньне сваёй каманды. 5 кастрычніка яна прызначыла свайго першага палітычнага дарадцу і дарадцу па міжнародных адносінах, а таксама прадстаўнікоў па канстытуцыйнай рэформе і па справах моладзі і студэнтаў, паведамляе тэлеграм-канал Ціханоўскай.
Сваім першым палітычным дарадцам Ціханоўская абвясьціла Аляксандра Дабравольскага.
- Аляксандар Дабравольскі — сябра палітрады Аб’яднанай грамадзянскай партыі, дырэктар Усходне-Эўрапейскай школы палітычных дасьледаваньняў, дэпутат Вярхоўнага Савету СССР 1989–1991 гг. і Вярхоўнага Савету Беларусі XIII скліканьня.
Дарадцам Сьвятланы Ціханоўскай па міжнародных адносінах стаў Франак Вячорка.
- Франак Вячорка — беларускі журналіст, выкладчык Каледжа Эўропы, аналітык Атлянтычнай Рады, віцэ-прэзыдэнт Digital Communication Network.
Таксама Сьвятлана Ціханоўская заявіла, што падтрымлівае працу Грамадзкай канстытуцыйнай камісіі, якая займаецца распрацоўкай праекту зьмяненьняў і дапаўненьняў да Канстытуцыі 1994 году.
Старшынёй Камісіі прызначаны Мечыслаў Грыб, а каардынуе яе працу Анатоль Лябедзька.
- Мечыслаў Грыб — заслужаны юрыст РБ, старшыня Вярхоўнага Савету Рэспублікі Беларусь XII скліканьня.
- Анатоль Лябедзька — дэпутат Вярхоўнага Савету Рэспублікі Беларусь XII і XIII скліканьняў, кіраўнік Цэнтру «Эўрапейскі дыялёг».
Прадстаўніком па справах моладзі і студэнтаў стала Алана Гебрэмарыям — актывістка «Моладзевага блёку», сябра асноўнага складу Каардынацыйнай рады.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Ціханоўская фармуе сваю каманду, прызначыла прадстаўнікоў у правах чалавека і эканамічных рэформахРаней Сьвятлана Ціханоўская прызначыла сваіх:
- прадстаўніка па правах чалавека — ім стаў вядомы беларускі юрыст і праваабаронца, намесьнік старшыні Беларускага Хэльсынскага камітэту Гары Паганяйла;
- прадстаўніка па эканамічных рэформах — ім стаў эканаміст Алесь Аляхновіч, віцэ-прэзыдэнт Аналітычнага цэнтру CASE-Belarus.