У Горадні ўпершыню пасьля выбараў нядзеля прайшла без пратэставых вулічных акцый. Аднак АМАП затрымліваў людзей на кірмашы.
На Савецкай плошчы 4 кастрычніка праходзіў сельскагаспадарчы кірмаш. У пратэставых тэлеграм-каналах напярэдадні зьявілася прапанова сабрацца ў нядзелю а 14-й гадзіне на Савецкай плошчы. Аднак дэманстрантаў не было відаць. Ніхто не трымаў сьцягоў ці транспарантаў, нічога не скандавалі, не сьпявалі. На плошчы ня грала музыка.
Гарадзенцы прыходзілі па садавіну і гародніну, шпацыравалі, размаўлялі. Агулам удзень там было некалькі сотняў чалавек. На плошчы знаходзілася кіраўніцтва горадзенскай міліцыі, міліцыянты, шмат «ціхароў». Побач з плошчай стаяў міліцэйскі транспарт, аўтазакі, аўтобусы.
Спачатку на Савецкай плошчы падчас стрыму затрымалі блогера і вядоўцу мерапрыемстваў Андрэя Ірху. Яго паклалі на зямлю, некалькі разоў ударылі ў твар, моцна сьцягнулі рукі плястыкавай сьцяжкай. Апыталі і адпусьцілі.
Прыкладна ў 14:45 затрымалі для праверкі дакумэнтаў журналістак «Народнай Волі» Вольгу Камягіну і Кацярыну Гардзееву. У іх спраўдзілі дакумэнты, правялі прафіляктычныя гутаркі і выпусьцілі.
Каля 15:00 з аўтобусаў выйшлі амапаўцы ў поўнай экіпіроўцы і шаломах і схапілі прынамсі трох чалавек, якія проста стаялі побач з аўтазакамі. У тым ліку затрымалі непаўналетнюю дзяўчыну, якую цягнулі па зямлі ў аўтазак. Яна выйшла зь міліцыі кульгаючы.
Неўзабаве кірмаш скончыўся. Людзі разышліся па горадзе гуляць. Міліцэйскі транспарт пераехаў да ачэпленай плошчы Леніна. Пэўны час па пэрымэтры плошчы Леніна стаялі амапаўцы ў чорнай форме.
Пратэстоўцы ў тэлеграм-каналах паведамлялі пра плян «Гідра», калі дэманстранты зьбіраюцца ў пэўным месцы і хутка разыходзяцца.
Гэтая публікацыя падрыхтаваная з выкарыстаньнем інфармацыі БелаПАН.