Лукашэнка разьлічвае на аднаўленьне сумеснай працы зь Нямеччынай

Дзень аб'яднаньня Нямеччыны, Бэрлін, 3 кастрычніка 1990

Сёньня Аляксандар Лукашэнка павіншаваў прэзыдэнта Нямеччыны Франка-Вальтэра Штайнмаера з Днём нямецкага адзінства. Пра гэта паведамляе БелТА.

30 гадоў таму 3 кастрычніка адбылося далучэньне Нямецкай Дэмакратычнай Рэспублікі да Фэдэратыўнай Рэспублікі Нямеччыны.

У сваім віншаваньні Лукашэнка адзначыў: «Нягледзячы на складаную гістарычную спадчыну, Бэрлін зьяўляецца для Менску важным партнэрам. Нашыя краіны аб’ядноўваюць шматлікія сувязі і разнастайныя сумесныя праекты, якія спрыяюць пашырэньню эканамічных і гуманітарных кантактаў, умацаваньню ўзаемнага даверу і бясьпекі».

Ён таксама падкрэсьліў, што вельмі разьлічвае на аднаўленьне сумеснай працы ў розных кірунках у пэрыяд старшыняваньня Нямеччыны ў Радзе ЭЗ у другой палове 2020 году.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Хоча, каб за яго дзеяньнямі не назіралі», — МЗС Нямеччыны пра скасаваньне Менскам акрэдытацыяў замежных СМІ

У сваю чаргу МЗС Нямеччыны сёньня выступіла з асуджэньнем рашэньня беларускіх уладаў скасаваць з 2 кастрычніка акрэдытацыі ўсіх замежных журналістаў. «Гэты трывожны крок, на наш погляд, зноў паказвае, што Лукашэнка, відавочна, больш не прадстаўляе інтарэсы свайго народу і краіны», — гаворыцца ў заяве зьнешнепалітычнага ведамства Нямеччыны.