МЗС Аўстрыі выступіла з заявай з прычыны рашэньня ўладаў Беларусі пазбавіць з 2 кастрычніка акрэдытацыі карэспандэнтаў усіх замежных СМІ.
У заяве МЗС Аўстрыі, апублікаванай у твітэры, гэтае рашэньне афіцыйнага Менска названа адкрытай атакай на свабоду слова.
У аўстрыйскім МЗС назвалі гэтае рашэньне «відавочнай спробай задушыць аб’ектыўнае асьвятленьне падзеяў».
Што вырашыла МЗС Беларусі
Міністэрства замежных справаў Беларусі распрацавала новую рэдакцыю палажэньня аб парадку акрэдытацыі ў Рэспубліцы Беларусі журналістаў замежных сродкаў масавай інфармацыі.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: МЗС Беларусі з 2 кастрычніка анулявала акрэдытацыі карэспандэнтаў усіх замежных СМІПрэс-сакратар Міністэрства замежных справаў Беларусі Анатоль Глаз у камэнтары журналістам сказаў, што «гэта ня нейкая зачыстка інфармацыйнага поля, спыненьне акрэдытацыі ці яшчэ штосьці з гэтым зьвязанае, а менавіта пераакрэдытацыя замежных СМІ паводле новых правілаў».
2 кастрычніка прынята адпаведная пастанова Савету Міністраў, паведамляе ведамства.
Такое рашэньне МЗС патлумачыла тым, што папярэдняе палажэньне было прынята яшчэ ў 2008 годзе і «ўжо не адпавядала ўзроўню разьвіцьця мэдыйнай галіны, новым тэндэнцыям у заканадаўстве», у ім быў «шэраг састарэлых палажэньняў, нормаў, якія не ўжываліся на практыцы, дыскрымінацыйных пунктаў».
«У сувязі з прыняцьцем новага Палажэньня дзеяньне выдадзеных раней акрэдытацыйных картак афіцыйна спыняецца з 2 кастрычніка 2020 году», — гаворыцца на сайце ведамства.
Прыём заявак онлайн на пераакрэдытацыю плянуюць тэхнічна адкрыць раніцай 5 кастрычніка, іх будзе разглядаць камісія ў пытаньнях акрэдытацыі журналістаў замежных СМІ МЗС Беларусі, якая пачне працу ў новым складзе.
Прыярытэт пры акрэдытацыі будуць аддаваць грамадзянам дзяржаваў, у якіх зарэгістраваны замежны СМІ.
У паведамленьні адзначаецца, што ў новым палажэньні аб акрэдытацыі рэалізавана права «на легальную абарону інфармацыйнага сувэрэнітэту Рэспублікі Беларусь».
Пазыцыя Радыё Свабода
2 кастрычніка выканаўца абавязкаў прэзыдэнта Радыё Свабодная Эўропа / Радыё Свабода Дэйзі Сындэлар выступіла з заявай пра ануляваньне МЗС Беларусі акрэдытацыі карэспандэнтаў усіх замежных СМІ, у тым ліку беларускай службы Радыё Свабода.
«Мы глыбока расчараваныя, але ня зьдзіўленыя гэтым рашэньнем Міністэрства замежных справаў Беларусі ануляваць акрэдытацыі ўсім замежным СМІ, асабліва на фоне перасьледу журналістаў Радыё Свабода і іншых замежных СМІ ў апошнія тры месяцы», — гаворыцца ў заяве Дэйзі Сындэлар.
«Гэты ўчынак служыць відавочным сыгналам усім беларусам: урад Лукашэнкі не зацікаўлены ў тым, каб даць ім тое, што яны хочуць — доступ да розных пунктаў гледжаньня, адрозных ад тых, якія выказаў сам урад. Радыё Свабодная Эўропа / Радыё Свабода будзе надалей выкарыстоўваць усе даступныя шляхі, каб забясьпечваць нашу аўдыторыю ў Беларусі навінамі без цэнзуры, адказнай дыскусіяй і адкрытымі дэбатамі, якіх яны так відавочна жадаюць» — заявіла кіраўніца RFE/RL.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Кіраўніца RFE/RL: Радыё Свабода будзе надалей выкарыстоўваць усе даступныя шляхі, каб забясьпечваць аўдыторыю навінамі без цэнзуры