Як помсьцяць спартоўцам, якія адважыліся кінуць выклік рэжыму

Беларускія спартоўцы на маршы 9 верасьня ў Менску

Агульначалавечыя ідэі важныя для многіх спартоўцаў. Таму яны пратэстуюць супраць татальнага беззаконьня ў Беларусі. А вось для пэўных высокіх спартовых чыноўнікаў у прыярытэтах зусім іншыя «паняцьці», найперш тыя, што прыносяць прыбытак. І «цягнуць за пахана мазу без навару — для іх беспантова».

Чаму крымінальны жаргон? Бо ўжо зьявіліся першыя сьведчаньні таго, што Міністэрства спорту і турызму перайшло на камунікацыю ў стылі рэкету.

Сьцісла:

  • Беларускі спорт афіліяваны зь дзяржавай, чытай — з Лукашэнкам.
  • Для спартовых чыноўнікаў беларускія атлеты — толькі куры, якія нясуць рознай каштоўнасьці яйкі.
  • Чыноўнікі ад спорту перайшлі да стылю рэкеціраў, бо з паразай сыстэмы Лукашэнкі чыноўнікам пагражае поўны фінансавы правал.

Чарговы акт салідарнасьці беларускіх спартоўцаў. Футбольны клюб «Тарпэда» адмовіўся браць удзел у чэмпіянаце Менску. Тлумачэньне такое:

«Мы ня можам і не павінны мірыцца з тым беззаконьнем, якое творыцца наўкола: цкаваньне школы плаваньня Аляксандры Герасімені, пятнаццацідзённы арышт Алены Леўчанкі ў сфальсыфікаванай справе, дыскваліфікацыя гандбольнага клюбу „Віцязь-Леон“ за выказваньне сваёй грамадзянскай пазыцыі, пагрозы на адрас іншых падпісантаў звароту (да ўладаў. — СК) спартоўцаў».

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Гандбольны клюб «Віцязь» зьнялі з чэмпіянату за падтрымку арыштаванай баскетбалісткі Леўчанкі

Д’ябал хаваецца ў дэталях, а сутнасьць праблемы ў згаданых «іншых падпісантах». Дакладней, у спосабе неафіцыйнага прэсінгу на спартоўцаў. Вось сьведчаньне чэмпіёна сьвету і Эўропы ў самба Сьцяпана Папова (арыгінал тэксту даступны ў сеціве): «Да мяне прыехалі ажно пяць чалавек, сярод якіх быў намесьнік міністра спорту Партны ... Яны зачынілі дзьверы ў трэнэрскім пакоі. Мне сказалі: „Я звычайна спачатку б’ю, а пасьля размаўляю. Але мяне папрасілі быць з табою максымальна далікатным“».

Пра што сьведчыць прыведзены эпізод? Пра тое, што супраць спартоўцаў фактычна дзейнічаюць мэтадамі бандытаў — пужаюць фізычнай расправай. Чыноўнікі ад спорту разумеюць, што разам з Лукашэнкам абрынецца ўся сыстэма «ўладнай вэртыкалі», а значыць, і кар’еры тых самых чыноўнікаў. Больш за тое, могуць усплыць і нейкія шэрыя паўлегальныя схемы фінансаваньня, маніпуляцыі з допінгам ды іншае.

У сучаснай Беларусі спорт афіліяваны зь дзяржавай. Якія б фармальна ні былі камбінацыі ўласнасьці таго ці іншага спартовага клюбу, без удзелу дзяржавы клюб не існуе. Як не існуюць без спартоўцаў чыноўнікі, якім фінансуюцца паездкі па ўсім сьвеце з адпаведнымі падарожнымі выдаткамі. Ды нават проста «кіраваць спортам» — гэта не абы-які посьпех у аўтарытарнай краіне.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Самую вядомую беларускую баскетбалістку асудзілі на 15 сутак арышту за ўдзел у маршах пратэсту

Дэ-факта ў «мірны час» спартоўцы для дзяржаўных чыноўнікаў — гэта куры, якія нясуць залатыя, срэбныя, бронзавыя альбо проста ўежныя «яйкі». А ў цяперашні час супрацьстаяньня дзяржавы і грамадзянаў спартоўцы ператварыліся ў авечак для пастухоў-ваўкоў. А надта «борзых» ваўкі спрабуюць ставіць на месца: дзесьці праз «Акрэсьціна», дзесьці — адлучэньнем ад ганарараў, дзесьці — запалохваньнем.

Бо вядомыя спартоўцы — гэта ня толькі грошы для «гасударавых людзей». Гэта яшчэ і лідэры думак, якія сваімі словамі і ўчынкамі даюць прыклад спартовым заўзятарам.

Магчыма, усеагульны страйк беларускіх спартоўцаў, пра які цяпер загаварылі ў спартовым асяродзьдзі, можа ўдарыць па «вэртыкалі» больш балюча за страйк рабочых. Страйк спартоўцаў пацэліць не па эканоміцы наагул, але пэрсанальна па кішэнях канкрэтных фаварытаў Лукашэнкі. А рызыкаваць турэмнымі тэрмінамі за пасобніцтва дыктатуры без усялякай матэрыяльнай узнагароды прыспартовыя чыноўнікі дакладна ня будуць. Не па іхных «паняцьцях» такі падыход.

Думкі, выказаныя ў блогах, перадаюць погляды саміх аўтараў і не абавязкова адлюстроўваюць пазыцыю рэдакцыі.