«Я стаю каля нявесты, падыходзь». Беларусы пра свае яскравыя вобразы на пратэстах

Паразмаўлялі з беларусамі, якія прыдумалі крутыя пратэставыя касьцюмы і зладзілі пэрформансы.

«Мы баімся і ідзём, бо іначай ужо немагчыма»

Дар'я

Гэта Дар’я, яна працуе ў сфэры культуры. У такім вобразе яна выходзіла на вуліцы пасьля таго, як пайшла моцная хваля нэгатыву да бела-чырвона-белых сьцягоў.

«Стала крыўдна, бо гэтае спалучэньне колераў роднае для беларусаў. Гэты строй я сабе пашыла гадоў 10 таму, апранаю на розныя сьвяты і імпрэзы.

Адна з галін майго роду паходзіць з-пад Кобрыні, таму і строй сабе пашыла менавіта кобрынскі. Для поўнага камплекту толькі наміткі не хапае, яе я замяніла на хустку».

«Мне здаецца, нейкі страх прысутнічае ў большасьці людзей, якія выходзяць цяпер на акцыі. Але мы баімся і ідзём, бо іначай ужо немагчыма.

Міліцыі і АМАПу я пакуль не пападалася, а ад астатніх толькі пазытыў. Падыходзяць фатаграфавацца, дзякуюць за тое, што прыйшла ў народным строі. Ня ведаю, ці буду выходзіць у ім яшчэ, але выходзіць абавязкова буду».

«Кожны неабыякавы чалавек хоча цяпер быць карысным»

Гэта Ганна Крыцкая, студэнтка Акадэміі мастацтваў, вучыцца на рэжысэра.

Ганна Крыцкая

«Ідэя зь вясельнай сукенкай прыйшла выпадкова. На першым жаночым маршы трэба было быць у чымсьці белым. Белага адзеньня ў мяне не аказалася, але знайшлася гэтая сукенка! І мне здалося, гэта вельмі сымбалічна, што сукенка, у якой было створана столькі шчасьлівых сем’яў, якая проста прасякнутая любоўю, будзе на мне ў гэты дзень!»

Ідэі іншых вобразаў, кажа Ганна, таксама прыходзілі выпадкова. Дзяўчына магла проста ўбачыць які-небудзь аксэсуар, і з гэтага ўжо вырастаў цэлы касьцюм.

«Мне хацелася паказаць, што ня трэба баяцца выказваць сваю пазыцыю. Шмат каму страшна выходзіць на маршы, стаяць у ланцугах салідарнасьці, хтосьці проста ня хоча рызыкаваць. Але нават маленькая дэталька на вопратцы або спалучэньне кветак ужо лепш, чым нічога».

Ганна кажа, што на яе вобразы іншыя пратэстоўцы рэагуюць вельмі станоўча.

«Людзі, як кажа Марыя Калесьнікава, неімаверныя! Шмат камплімэнтаў, часта просяць сфатаграфавацца. Самае сьмешнае, калі арыентуюцца па мне на маршах, напрыклад, сустракаюцца каля мяне. Бывае, я стаю і чую, як недалёка ад мяне ў тэлефон кажуць: «Я стаю каля нявесты, падыходзь».

Але ў гэтых прывабных вобразаў ёсьць і адваротны бок. За час пратэстаў Ганну затрымлівалі ўжо два разы.

«Асабліва страшна, калі АМАП арыентуецца па табе на мясцовасьці. Напрыклад, стаіш у счэпцы і чуеш: «Зачышчаем мужыкоў каля нявесты». Другі раз мяне затрымалі на жаночым маршы, па іроніі лёсу на плошчы Свабоды. Мы зь дзяўчатамі, седзячы 11 дзён у камэры, вырашылі называць яе «плошча Несвабоды». Тады замест сьцяга ў руках у мяне быў падручнік па гісторыі Беларусі, на вокладцы была «Пагоня» на фоне бела-чырвона-белага сьцяга. Памятаю, перад затрыманьнем я пачула, як далі загад: «Па падручнік гісторыі!»

«Думаю, што кожны неабыякавы чалавек хоча цяпер быць карысным. Калі я хоць камусьці дапамагла, то я вельмі рада».

«Адзіны страх, які я адчуваю, — ня ўбачыць перамогі»

Гэта Саша, ён працуе ілюстратарам у IT. І выходзіў ён яшчэ і ў вобразе героя са знакамітага «Ведзьмара»

«Я не прыдумляў вобраз — я проста паглядзеў на Пагоню і адразу зразумеў, што трэба. Глухі шалом быў асноўнай праблемай. Ідэя палягала ў тым, што пад шаломам можа быць хто заўгодна. Назавіце мяне сэнтымэнтальным аматарам Алана Мура [ангельскі пісьменьнік і аўтар коміксаў. — РС], але ідэя была менавіта такой. Вобраз рыцара заўсёды быў са мною побач. З „Балады аб кніжных дзецях“ Высоцкага, з „Айвэнга“, з кніг, на якіх я вырас. Ну і, вядома супрацьпастаўленьне абаронцы, які гатовы прыняць удар на сябе, абараніўшы тых, хто стаіць побач, і азлобленых бандытаў у форме, якія б’юць і гвалцяць тых, каго па клятве павінны абараняць», — апавядае ён.

Саша

Саша кажа, што вобраз Геральта — галоўнага героя зь «Ведзьмара» — быў для яго відавочным выбарам.

«Геральт па прафэсіі займаецца зьнішчэньнем монстраў, а ягоная каханая неяк сказала наступныя словы: „Прыйдзе час перамен. Сумна будзе старэць, усьведамляючы, што не зрабіў нічога такога, каб будучыя перамены былі б пераменамі да лепшага“».

Людзі на вобразы рэагавалі станоўча, былі вельмі радыя, шмат хто фатаграфаваўся. Саша кажа, што ствараў свае касьцюмы для натхненьня іншых.

«Я адчуваў гонар за людзей, гонар і любоў да сапраўдных мужчын і жанчын маёй любімай краіны, маёй Радзімы. Я ўбачыў людзей, якія перасталі баяцца, якія выйшлі, каб сказаць: «Мы коцікі, і мы вырашаем у гэтай краіне, як нам жыць, а ня голы кароль з ручнымі сабакамі».

За час пратэстаў Сашу таксама затрымлівалі, таму страху выходзіць больш няма.

«Пасьля таго, як у мяне стралялі, труцілі газам, кідалі сьвятлашумавымі гранатамі, білі па рэбрах на падлозе ціхарскага бусіка, адзіны страх, які я адчуваю — ня ўбачыць перамогі», — так цяпер кажа Саша.

«Я хачу, каб спыніліся перасьлед, катаваньні, зьдзек і забойствы»

Дзяўчына на фота — Рыя. Яна крэатыўны прадусар, але праз пандэмію страціла працу. Пэрформанс прыдумала таму, што вельмі хацела зьвярнуць увагу грамадзтва на гвалт і катаваньні ў пастарунках і СІЗА.

«Такое нельга забываць, дараваць і трываць. Таксама мне хацелася самой адчуць тое, што маглі адчуваць затрыманыя», — тлумачыць яна.

Тады Рыя знайшла хлопцаў з плякатамі пабітых на Акрэсьціна і стала побач зь імі ў позу, у якой зьняволеных там трымалі гадзінамі — на каленях, ілбом у зямлю, рукі сьцягнутыя за сьпінай сьцяжкай.

«Я няправільна стаяла, таму што была ў сукенцы і не хацела няправільнай рэакцыі. На каленях трэба было стаяць, а не сядзець, а тварам упірацца ў асфальт, што занадта балюча. Рукі былі зьвязаныя ня моцна, і ўсё роўна засталіся сьляды. Вы ведаеце, затрыманым рукі сьцягвалі так, што яны апухалі».

Дзяўчына прастаяла 20 хвілін. Прызнаецца, што было вельмі нязручна, некамфортна, бо была адна ў натоўпе людзей, у белай сукенцы, на каленях. Было вельмі цяжка дыхаць, і ў такой позе, кажа Рыя, адчувала сябе ўразьлівай.

«Калі паднялася і ўбачыла людзей усюды і журналістаў, якія абступілі вакол, проста расплакалася. Гэта было своеасаблівае нэрвовае ўзрушэньне. А я ж не была затрыманая і вакол мяне не хадзілі мужчыны ў форме, сыплючы мацюкамі і б’ючы», — апісвае Рыя свой стан.

«Вядома, як і ўсе пратэстоўцы, я хачу быць пачутай; хачу, каб спыніліся перасьлед, катаваньні, зьдзек і забойствы. Хачу сумленных выбараў, хачу жыць у свабоднай і справядлівай краіне. Кажуць, народ заслугоўвае свайго прэзыдэнта. Дык вось, мы такога больш не заслугоўваем. Мы заслугоўваем лепшага».