Раніцай 1 кастрычніка на дзвярах судоў у Горадні і Гомлі зьявіліся абʼявы пра забарону заходзіць у будынкі тым, хто ня ўдзельнічае ў працэсах.
Забарону абгрунтавалі прафіляктыкай і мінімізацыяй рызыкі пашырэньня каранавіруснай інфэкцыі са спасылкай на загад № 68 старшыні Вярхоўнага суду ад 28 верасьня.
Прэсавы сакратар Вярхоўнага суду Юлія Ляскова заявіла ў камэнтары карэспандэнту Свабоды, што такой забароны ў загадзе няма.
«Ня ведаю, якая ў Горадні накладка здарылася. Гэта ня так. Абʼява, якая была ў судзе Горадні, ужо зьнятая апэратыўна.
Справа ў тым, што ў мэтах выкананьня захадаў у прафіляктыцы і мінімізацыі рызыкі пашырэньня інфэкцыі COVID-19 у асеньне-зімовы пэрыяд 2020 году ў судах агульнай юрысдыкцыі зацьверджаны плян па прафіляктыцы, рэкамэндаваны Мінздароўя.
Адным з пунктаў гэтага пляну прадугледжана, што работнікі, удзельнікі працэсу ды іншыя наведнікі дапускаюцца ў будынак толькі без прыкметаў рэсьпіраторных захворваньняў і ў сродках індывідуальнай засьцярогі.
Размова пра забарону наведваньня судоў грамадзянамі не ішла і не ідзе.
У загадзе № 68 запісана, што не дапускаюцца хворыя, і пажадана быць у масках і пальчатках. Забароны наведваць суды няма», — запэўніла Юлія Ляскова.
У Гомлі на момант публікацыі матэрыялу абʼява пра забарону доступу «пабочных асобаў» у суд заставалася на сваім месцы.
Прынцып адкрытасьці судовага разбору спраў замацаваны 114-м артыкулам Канстытуцыі.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Не да законаў». Лукашэнка загадаў жорстка разабрацца з «арганізатарамі і агітатарамі каардынацыйных радаў» ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Жнівень–кастрычнік 2020. Мы — сьведкі. „«Зэкі» з нараў падскочылі ад жаху“. АБНАЎЛЯЕЦЦА ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Праваабаронцы патрабуюць ад пракуратуры Менску справаздачы аб расьсьледаваньні катаваньняў у ізалятарах