Эўразьвяз ухваліў выкарыстаньне экспрэс-тэстаў на каранавірус, якія могуць даць вынікі за 15 хвілінаў і каштаваць каля 20 даляраў у эквіваленце.
Пра гэта паведамляе агенцтва Bloomberg. Хуткае тэставаньне можа дазволіць хутчэй справіцца з наступствамі другой хвалі каранавіруснай інфэкцыі.
Ухвалены тэст заснаваны на вызначэньні вірусных бялкоў антыгенаў і менш дакладны, чым распаўсюджанае цяпер ПЦР-тэставаньне. Паводле распрацоўнікаў, ён вызначае захворваньне каранавіруснай інфэкцыяй у 93,5 працэнтах выпадкаў, а яго адсутнасьць — у 99,3 працэнтах.
Аднак менш дакладнае тэставаньне можа быць перавагай экспрэс-мэтодыкі, а не яго недахопам. Дагэтуль The New York Time пісала, што занадта дакладныя тэсты могуць значна перагружаць мэдыцынскую сыстэму праз тое, што здаровыя людзі са сьлядамі інфэкцыі дыягнастуюцца як хворыя.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Другая хваля каранавірусу: у якіх краінах могуць аднавіць карантын?Да канца году Эўропа павінна атрымаць яшчэ два хуткіх тэсты. Гэта можа дапамагчы эўрапейскім краінам праводзіць апэратыўнае тэставаньне, напрыклад, у аэрапортах. Два дні таму такую паслугу прапанаваў кліентам амэрыканскі перавозчык United, паведамляў тэлеканал CNN.
У краінах Эўразьвязу адзначаецца рэзкі рост паказчыкаў захворваемасьці каранавіруснай інфэкцыяй COVID-19. Колькасьць хворых і шпіталізаваных вяртаецца на ўзровень вясны, калі ў многіх краінах былі ўведзеныя жорсткія абмежавальныя меры.
Усяго ў сьвеце, па дадзеных амэрыканскага Унівэрсытэту імя Джона Хопкінса, з пачатку пандэміі захварэлі 33 мільёна 982 за тысячу чалавек. Больш за мільён — памерлі.